“Зялёнае” жніво

Аграрный сектор и промышленность

 

На сельгаспрадпрыемствах раёна поўным ходам ідзе касавіца – самая адказная палявая кампанія. Менавіта ад вынікаў яе правядзення ў далейшым будзе залежыць кармавая база для грамадскага статка, а адпаведна і вытворчасць мяса-малочнай прадукцыі.

У ААТ “Суднікаўскі” задзейнічана ўся тэхніка, неабходная для таго, каб нарыхтоўка кармоў адпавядала тэхналагічным патрабаванням. Па стане на раніцу 17 чэрвеня, тут скошана 550 га траў першага ўкосу, а значыць, гаспадарка першай на 100% выканала даведзены ёй план. Сена пакуль нарыхтавана нямнога, а вось па сенажу ў палімернай упакоўцы сельгаспрадпрыемства паказвае найлепшы вынік – 1083 тоны, што складае 54,1% да плана. На адну ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы назапашана 3,62 ц кармоў.

Аляксандр ДУБАТОЎКА не першы год шчыруе на рулонным прэс-падборшчыку ППРО-155. Тэхніка не новая, але, дзякуючы старанню механізатара, працуе выдатна. Звыклая для мужчыны справа патрабуе пільнасці і ўвагі. Скошаную, падвяленую, згрэбеную ў валкі траву ён прасуе з адначасовым абмотваннем стрэтч-плёнкай. Атрыманы корм па сваёй пажыўнасці амаль не ўступае зыходнаму. Сёлета на рахунку Аляксандра Мікалаевіча ўжо 1083 тоны нарыхтаванай зялёнай масы.

На касілцы КМР-9 Яўгеній СЯЎРУК менш чым за месяц выканаў план першага ўкосу: нарыхтаваў травы на плошчы 550 га. У дадатак яшчэ падкасіў 160 га пашы. Працэс касьбы ў яго ідзе хутка і бездакорна. Наладжаная загадзя тэхніка не падводзіць. Уважлівым вокам Яўгеній Іванавіч сочыць, каб якасць работ была належная. Вопытны механізатар гаворыць, што травы сёлета выраслі добрыя, сакавітыя, сапраўды радуюць вока. Цікава назіраць, як на вачах яны ператвараюцца ў зялёныя валкі, а вакол разносіцца ні з чым не параўнальны пах свежаскошанай травы.

Валянцін Гупаловіч і Ягор Садоўскі працуюць у тандэме. Яны збіраюць і адвозяць з поля запакаваныя ў стрэтч-плёнку рулоны сенажу. З году ў год у гарачыя летнія дзянькі на пярэднім краі корманарыхтоўкі знаходзіцца Валянцін Аляксандравіч. На пагрузчыку Амкадор 352С ён удвая перавышае дзённую норму. Ягор Уладзіміравіч у якасці работніка гаспадаркі ўключыўся ў працэс упершыню. Усяго пяць месяцаў назад ён уладкаваўся ў ААТ “Суднікаўскі”, але ўжо зарэкамендаваў сябе сумленным, старанным, адказным працаўніком.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара