Сквер павінен быць скверам

Общество

Такую думку выказаў намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтве Дзмітрый Протас падчас правядзення сходу па пытанні плануемага выдалення аб’ектаў расліннага свету ў гарадскім скверы ў Валожыне. З ім аднадушна пагадзіліся прысутныя.

Да ўдзелу ў грамадскім абмеркаванні былі запрошаны ўсе жадаючыя – пра месца і дату сустрэчы зараней паведамлялася ў нашай газеце. У выніку ў панядзелак у зале пасяджэнняў райвыканкама сабраліся 70 жыхароў Валожына, нераўнадушных да добраўпарадкавання роднага горада. Кожны з іх зарэгістраваўся ў адпаведным спісе і ўласна пацвердзіў сваё дачыненне да важнай падзеі. На мерапрыемстве прысутнічала камісія, у склад якой увайшлі прадстаўнікі архітэктурнай службы, інспекцыі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Аб тым, што плануецца зрабіць, падрабязна расказаў намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтве Дзмітрый Протас.

Ён адзначыў, што пытанне тычыцца ўсіх: “Гэта плошча, цэнтр горада. А ў нас няма цэнтра і няма ландшафтанага рашэння. Сквер павінен быць скверам – за дзесяцігоддзі парк у ім ператварыўся ў лесапарк. Таму размова ідзе пра абнаўленне і выразанне толькі старых дрэў – ліпаў, елак і туй. Дызайн сквера закрануты не будзе – дробныя насаджэнні, кустоўе, алеі, пешаходныя дарожкі застануцца ранейшымі”.

На жаль, за дзесяцігоддзі дрэвы пачалі ўсыхаць і набываюць непрыглядны выгляд. На большасці з іх каля 50 працэнтаў усохлых галін, назіраецца разбурэнне і ападанне кары, ёсць дрэвы, пашкоджаныя шкоднікамі і хваробамі. Да таго ж у райвыканкам былі звароты ад жыхароў бліжэйшых дамоў наконт інсаляцыі (перашкоды паступлення сонечнага святла з-за вялікай разгалінаванасці дрэў і стварэння пастаяннага ценю ў кватэрах).

Усяго пад выкарчаванне трапілі 86 старых дрэў. Згодна з заканадаўствам, будуць выкананы кампенсацыйныя пасадкі, а гэта значыць, высаджаны 192 маладыя дрэвы. Безумоўна, усе яны не могуць размясціцца ў скверы, таму будуць высаджаны ў горадзе. Стаўку зробяць на хвойныя і ліставыя пароды, якія растуць павольна. Яшчэ адна важная акалічнасць: у скверы пасадзяць не двух-трохгадовыя саджанцы, а дарослыя дрэвы вышынёй ад 3-х да 5-і метраў. Работу правядзе спецыялізаваная арганізацыя, якая гарантуе іх прыжыўленне, а ў выніку непрырастання – замену.

На сустрэчы жыхары горада задавалі пытанні: у прыватнасці, прапаноўвалі ліпы не чапаць, а спілаваць толькі елкі; пакінуць адну самую вялікую елку для ўпрыгожвання на Новы год; цікавіліся, якія пароды дрэў будуць высаджаны, а таксама хваляваліся, ці не створаць новыя насаджэнні нязручнасцей для маладых матуль, якія любяць у цяньку бавіць тут час, асабліва летам.

Пасля абмеркавання адкрытым галасаваннем усе прысутныя аднадушна прагаласавалі за новы парк.

Было адзначана, да выразання і выкарчоўвання трэба прыступаць ужо зараз, каб паступова падрыхтаваць пляцоўку. А вось пасадку правядуць восенню ў кастрычніку – гэты месяц самы спрыяльны для ўкаранення.

Алена ЗАЛЕСКАЯ