У садку мы не сумуем: і спяваем, і танцуем!

Кругозор Культура

Лета — цудоўная пара! З нецярпеннем і асаблівым пачуццем радасці мы чакаем лета, таму што можам, нарэшце, пераапрануцца ў легкае адзенне і пагрэцца пад ласкавымі промнямі сонейка. Чакаюць лета і дзеці – з гэтай парой года ў іх звязаны самыя яскравыя ўспаміны з дзяцінства.

З надыходам лета мяняецца і работа нашай установы адукацыі “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г.п. Івянец”. Усе мерапрыемствы ў нас праводзяцца на свежым паветры, што, безумоўна, вельмі важна для дзіцячага здароўя. Я як музычны кіраўнік  таксама праводжу сваю работу на свежым паветры: заняткі, забавы, святы і іншыя мерапрыемствы арганізоўваю на абсталяванай пляцоўцы, куды выношу музычны цэнтр, а таксама неабходныя музычныя інструменты і атрыбуты. Выхаванцы з радасцю спяшаюцца на музычныя заняткі, і яшчэ з большым задавальненнем усе разам забаўляюцца на пляцоўцы. Забавы ў нашай дашкольнай установе ладзяцця згодна з узростам дзяцей. Пры правядзенні летніх дзіцячых мерапрыемстваў я запрашаю да ўдзелу розных дзеючых асобаў — герояў,  якія прыходзяць ў госці, танцуюць, спяваюць, гуляюць разам з дзеткамі. Так, на забаве, прысвечанай Дню абароны дзяцей, да дашкольнікаў завітала Лета, ролю якога выконвала я сама, а падчас іншай забавы прыйшоў выхавальнік у вобразе Клоўна. Дзеючыя героі дадаюць у любое мерапрыемства нотку разнастайнасці і цікавасці, а іх яркія касцюмы звяртаюць на сябе ўвагу дзяцей сваей прыгажосцю і арыгінальнасцю.

10 чэрвеня у нашай дзіцячай установе прайшоў невялікі канцэрт пад назвай “У садку мы не сумуем: і спяваем, і танцуем!”. Канцэрт быў не звычайны: ен цалкам гучаў  на беларускай мове. Для выхаванцаў выступалі дзеткі старэйшай групы, якія распачалі канцэрт беларускімі вершамі, а пазней заспявалі цудоўную беларускую народную песню “Чаму ж мне не пець?” пад жывое музычнае суправаджэнне: фартэпіяна, тамбурын, дудка, трашчотка і бразготка. Наступным музычным нумарам была танцавальна-інструментальная замалеўка “Крыжачок” з выкарыстаннем тых жа інструментаў. Юныя артысты былі апрануты ўбеларускія нацыянальныя  касцюмы. Як жа цудоўна і прыгожа выглядала  на дзетках народнае адзенне! Яно змагло перадаць ўсю самабытнасць беларусаў, адлюстраваць  культуру нашага народа. Мерапрыемствы такога роду выхоўваюць у дашкольнікаў патрыятызм, а таксама любоў і павагу да роднай мовы, культуры, цікавасць да жыцця нашых продкаў. Пасля канцэрту для дзяцей былі арганізаваны разнастайныя гульні і танцы. Канцэрт удаўся, — і артысты, і гледачы атрымалі задавальненне і масу станоўчых эмоцый.

Наогул, фальклорам з дзеткамі я займаюся ўжо больш за 10 гадоў. Ладзім святы згода народнаму календару, спяваем песні на беларускай мове, звяртаем увагу на беларускія народныя гульні. Я лічу, што гэту працу неабходна пачынаць з дашкольнага ўзросту, таму што вывучэнне народнай творчасці бярэ свой пачатак  з малых формаў фальклору – пацешак, заклічак, забаўлянак, калыханак, і паступова перацякае ў спевы і танцы. Я ўпэўнена, што мая праца дасць свой станоўчы вынік і выхаванне ў будучым грамадзяніне сваей краіны любові і павагі да роднай культуры абавязкова прынясе станоўчы плен!

Музычны кіраўнік

ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г. п. Івянец”

Казакова Рэната Віктараўна.