АТУЛІЛІ МАТУЛЬ УВАГАЙ

Общество

Адно з самых любімых свят у наведвальнікаў дзённага аддзялення інвалідаў – Дзень Маці. Да гэтай урачыстасці тут рыхтуюцца загадзя: вырошчваюць кветкі,  упрыгожваюць памяшканне, вырабляюць сувеніры, прадумваюць спіс гасцей, нумары канцэртнай праграмы.

Па ўсяму бачна, што для супрацоўнікаў дзённага аддзялення іх установа не толькі месца працы, але і служба па закліку душы. А. І. Саўчанка, якая новы чалавек у калектыве, адзначыла, што яе ўразіла, як загадчыца аддзялення Л. У. Шчарбачэвіч усе прапановы і новаўвядзенні разглядае з пазіцыі “патрэбна гэта дзецям ці не”. На сённяшні дзень тут ужо шмат чаго створана, каб маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі маглі прайсці рэабілітацыю і не адчуваць сябе выкрэсленымі з жыцця. З кожным годам жадаючых наведваць аддзяленне становіцца ўсё больш, зараз сюды прыходзяць і дастаўляюцца транспартам сацыяльнага цэнтра 20 інвалідаў з горада і раёна, каб весела і карысна правесці час, яшчэ дзевяць, з ліку самых хворых, абслугоўваюцца на даму.

Пакуль маладыя інваліды знаходзяцца пад наглядам клапатлівых супрацоўнікаў аддзялення, іх родныя і блізкія могуць заняцца тымі справамі, якія немагчыма зрабіць, калі на руках бездапаможны член сям’і. Вядома, што найбольшая нагрузка па догляду за дзіцем-інвалідам кладзецца на плечы матуль. І гэтыя жанчыны маюць патрэбу ў падтрымцы, увазе, амаль у той жа ступені, што і іх дзеці. Урачыстасць да Дня маці ў аддзяленні для гэтых жанчын стала выдатнай нагодай прыбрацца, зрабіць прычоску і акунуцца ў святочную атмасферу.

У Дзень маці аддзяленне напаўняецца водарам восеньскіх кветак і дамашняй выпечкі. Тут гучаць песні ў выкананні мясцовых артыстаў, вершы, якія ўслаўляюць мацярынскую пяшчоту і ласку. Сёлета спецыяліст ТЦСАН Ірына Кавяза звярнулася да творчасці мясцовай паэткі Валянціны Гіруць-Русакевіч, што акрамя лірычнага настрою прыдало мерапрыыеіству яшчэ і нотку патрыятызму. Але якое ж свята без прыемных сюрпрызаў? Кожная маці атрымала падарунак ад старшыні райвыканкама У. А. Наумовіча, а намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама З. М. Дубіна прывітала ўсіх прысутных шчырымі словамі.

У той дзень мамы былі ў цэнтры ўвагі. А падпарадкоўваючыся інтэрактыўнай праграме, яны і ў конкурсах удзельнічалі, і польку танцавалі. Вельмі парадаваў малады артыст з РЦК Андрэй Барыгін, які так хораша іграў на дудачцы мілагучную мелодыю, якая так і называлася “Для жанчыны”.

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий