Да +35°С чакаецца ў Беларусі 22 чэрвеня — аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі

Кругозор

Да плюс 35 градусаў чакаецца ў Беларусі 22 чэрвеня, аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

У аўторак, 22 чэрвеня, будзе пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў, толькі ўдзень месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы, прагрымяць навальніцы. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні 4-9 м/с, удзень пры навальніцах парывы да 14 м/с.

Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 17-23. Удзень будзе 29-34 градусы цяпла, месцамі па паўднёвым усходзе да плюс 35.

У сераду і чацвер, 23 і 24 чэрвеня, месцамі па краіне чакаецца да 35-36 градусаў цяпла.