22 чэрвеня – 80 гадоў з пачатку Вялікай Айчыннай вайны

Важное Закон и порядок

Раскрыты злачынствы нямецкай групы «Вафен-СС» Час адыходзіць. З кожным днём менш і менш застаецца людзей, якія бачылі пачатак вайны і жылі ў гады ваеннага ліхалецця ў нашым раёне. Усё больш з’яўляецца ўсякіх домыслаў пра вядзенне вайны і нямецкай арміяй, партызанскімі атрадамі. Германія адкрыла архівы аб ажыццяўленні сваёй “дзейнасці” на тэрыторыі Валожыншчыны групы “Вафен-СС”. І яны сталі даступныя…

Справаздача камандуючага паліцы і бяспекі і службы бяспекі Вайсруценія аб дзейнасці “Вафен-СС” “Вілейка” ад 27.05.1942 (Валожынскі раён тады ўваходзіў у гэту акругу). Справаздача унтэршарфюрэра СС Ліпса, аддзяленне “Вілейка”, 27.05.1942. Унтэрштурмфюрэру СС Бургдорфу, г. Мінск.

Дзейнасць групы “Вафен-СС” па-ранейшаму ахоплівае мерапрыемствы супраць партызан і яўрэяў. Дні, калі мы не выстаўляемся, напоўнены рознага роду работай. Да яе адносіцца чыстка зброі, прывядзенне адзення ў належны стан і г. д. Таксама н ашымі л юдзьмі а жыццяўляюцца розныя сельскагаспадарчыя работы – наколькі гэта патрэбна нашаму атраду. На тэрыторыі аддзялення “Вілейка” апрацоўваюцца авёс і бульба. Самі работы па большай частцы выконваюцца палоннымі, але іх неабходна ахоўваць, і работы вядуцца пад прафесійным кіраўніцтвам эсэсаўцаў, якія дома былі фермерамі.

Здарэнняў, на якія можна было б паскардзіцца, у апошні час тыдня сярод СС-групы няма.

Эсэсавец Гайс вярнуўся з адпачынку 31 мая. За эсэсаўцам Гайсам паехаў у адпачынак апошні з тутэйшай групы, які не быў дома на Каляды.

Так як члены СД цяпер выязджаюць на адпачынак, то эсэсаўцы з такім жа пытаннем звярнуліся да мяне. Я гэта адхіліў, растлумачыўшы, што гэта не ў маёй кампетэнцыі, і рашэнне гэтага павінна пачакаць.

Наша група была паўторна задзейнічана ў акцыях супраць партызан і яўрэяў. Трывожныя паведамленні пра партызан аказаліся па большай частцы перабольшаны. Часцяком гэта была лжывая трывога. Такім чынам, нашы поспехі ў гэтай частцы былі не вельмі вялікія. 20 красавіка мы былі ў Рабуні, дзе засцераглі ад небяспекі ваеннапалонных, якія падазраваліся ў якасці партызан. Рабунь размяшчаецца на адлегласці ў 15 кіламетраў на ўсходнім кірунку ад Вілейкі. 26 красавіка мы былі выкліканы на звераферму ў Людвінава. Зондэрфюрэр Граф, які працаваў там, быў забіты партызанамі. Драўляны мост на р.Serwecz паблізу Людвінава быў спалены. Партызан мы не знайшлі. На павозцы праз дзень мы паехалі далей праз Далгінава ў Крывіцу. Тут мы правялі 25.04 акцыю супраць яўрэяў. 29 і 30.04 ў Далгінава мы правялі нашу другую акцыю супраць яўрэяў. Падчас нашай першай антыяўрэйскай акцыі ў Далгінава нам удалося схапіць толькі частку яўрэяў. Тым часам у Далгінава было ўтворана гета. Акцыя ў Далгінава была ў гэтых адносінах знамянальная тым, што яўрэі змайстравалі сапраўдныя бункеры ў якасці ўкрыццяў. Два дні мы былі вымушаны шукаць і вычышчаць, часткова пры дапамозе гармат. Былі ўкрыцці, якія ўтваралі тры паверхі пад зямлёй. 30 красавіка мы вярнуліся назад у Вілейку.

І толькі 9 мая мы пачалі новую акцыю. На гэты раз яна праходзіла ў раёне Валожына і ў самім Валожыне. Там напярэдадні былі забіты з агнястрэльнай зброі чацвёра з лясной аховы. Паблізу Валожына нам удалося ў пералеску акружыць партызан. У нас было падмацаванне з атрада лясной аховы. Справа дайшла да кароткай перастрэлкі. Аднаму старшаму ляснічаму гэта каштавала жыцця. У партызан быў адзін забіты і двое параненых. Дваіх іншых з банды падстрэліў атрад лясной аховы. Затым, 10.05, мы правялі ў Валожыне антыяўрэйскую акцыю. Тут яўрэі не былі так аснашчаны як у Далгінаве.

Апошнія дні мы ізноў прысвяцілі партызанам у Пяршаях і ваколіцах. Аднак безвынікова. 14.05 вярнуліся ў Вілейку. Ноччу з 20 на 21.05 мы ізноў былі ў Далгінаве. Тут партызанскі атрад, які размяшчаўся непадалёк, напаў на групу падаўлення перашкод Люфтвафе. Мы не спалі дарэмна. Пасля раніцай мы правялі нашу трэцюю антыяўрэйскую акцыю ў Далгінаве. Пры гэтым з яўрэйскім пытаннем у гэтым горадзе было канчаткова скончана.

На Пяцідзясятніцу ў нядзелю мы ізноў былі паднятыя па трывозе. Нам неабходна было на хутар Любань, на які, па ўсёй верагоднасці, напалі партызаны. Наша прыбыццё аказалася зусім бескарысным. На гэтым я канчаю маю сённяшнюю справаздачу, у якой я прывёў самае істотнае за перыяд з 20 красавіка да сённяшняга дня.

Нямецкія архівы сціпла выдаюць інфармацыю пад назвай “акцыя”. Але гэта было сапраўднае знішчэнне мясцовых жыхароў. У Валожынскім, Івянецкім раёнах былі спалены 23 вёскі, расстраляны і спалены каля паўтысячы чалавек: у Макрычаўшчыне – 15, Лапіцах – 50, Дорах – 106, Даўгулёўшчыне – 17, Палубоўцах – 21, Слабадзе – 10, Сярэднім Сяле – 58, Адамках – 31, Вуглах – 37, Серкулях – 36, Рудні – 19, Сівіцы – 17, Добрай Сівіцы – 30, Дайнаве – 26. Сотні людзей пагналі ў Германію ў рабства, многіх з малалетнімі дзецьмі. Шмат вёсак так і не аднавіліся. Дык “акцыі” ці генацыд?…

 

Рыгор РУСАКЕВІЧ,

старшыня раённай арганізацыі

ветэранаў вайны ў Афганістане