Роля гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі ў фарміраванні грамадзянскай пазіцыі і патрыятызму

Важное Год малой Родины Официально

Ужо 25-ы раз у сваёй суверэннай гісторыі 3 ліпеня краіна шырока адзначыць галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень Незалежнасці Рэспблікі Беларусь. Гэта Дзень вызвалення сталіцы нашай Радзімы ад фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе, які стаў кропкай адліку новага гістарычнага этапу.

У аснове згуртаванасці беларускага грамадства ляжаць патрыятызм і любоў народа да Айчыны. Патрыятызм праяўляецца не ў словах ці лозунгах, а ў жыццёвай пазіцыі чалавека, яго паўсядзённых справах. Гэта вечная каштоўнасць, якая аб’ядноўвае мінуўшчыну, цяперашні час і будучыню народа, і непахісны пастулат нашай дзяржаўнасці.

“Патрыятызму, – адзначыў А. Р. Лукашэнка на VI Усебеларускім народным сходзе, – нельга навучыць. Можна толькі паказаць прыклад сваёй шчырай любоўю да роднай зямлі, гонарам за дасягненні свайго народа, беражлівым стаўленнем да гістарычнай спадчыны, павагай да традыцый і каштоўнасцей многіх пакаленняў беларусаў, канкрэтнымі справамі дзеля краіны”.

Фарміраванне патрыятызму і згуртаванасці нацыі праз гісторыка-культурную спадчыну Беларусі

Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гісторыка-культурная спадчына прызнана фактарам развіцця нашай дзяржавы. За яе зберажэнне нясуць адказнасць як дзяржава, так і грамадзяне. І, як адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка, “нашы галоўныя задачы ў сферы культурнай палітыкі ў тым, каб падтрымліваць патрыятычную лінію ў беларускай культуры, ствараць умовы для развіцця яе традыцыйных і сучасных кірункаў”.

Гісторыка-культурная спадчына Беларусі ўяўляе сабой сукупнасць найбольш адметных вынікаў і сведчанняў гістарычнага, культурнага і духоўнага развіцця народа Беларусі, якія ўвасоблены ў гісторыка-культурных каштоўнасцях, што ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

У Дзяржспіс (штогод пашыраецца) уключаны найбольш значныя аб’екты спадчыны – помнікі археалогіі, архітэктуры і горадабудаўніцтва, гісторыі, мастацтва, нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека (абрады, традыцыі, звычаі).

Даведка

Сёння Дзяржспіс налічвае больш за 5,6 тысячы гісторыка-культурных каштоўнасцей, сярод якіх: помнікі археалогіі – 2248, помнікі архітэктуры – 1804, помнікі гісторыі – 1215, нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека – 152, нерухомыя матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці – 104, помнікі мастацтва – 66, помнікі гарадскога будаўніцтва – 11, запаведныя месцы – 4.

Ахова гісторыка-культурнай спадчыны – абавязковая ўмова ўстойлівага развіцця дзяржавы, умацавання яе прэстыжу ў міжнароднай суполцы.

У адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры, Нацыянальнай стратэгіяй устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2030 года, захаванне і памнажэнне гісторыка-культурнай спадчыны краіны з’яўляецца важным фактарам нацыянальнай ідэнтычнасці і беларускай дзяржаўнасці, адыгрывае важную ролю ў фарміраванні дзяржаўнасці і патрыятызму асобы.

Даведка

За перыяд незалежнасці Беларусі за кошт дзяржаўных сродкаў адноўлены і атрымалі новыя сацыяльна-эканамічныя функцыі сотні аб’ектаў спадчыны. У ліку апошніх – будынак “Беларусьфільма” (2017 г.), стадыён “Дынама” ў Мінску (2018 г.), Барыса-Глебская (Каложская) царква ў Гродне (2019 г.), аб’екты Брэсцкай крэпасці, абеліск “Мінск – горад-герой” (2020 г.) і інш.

Адноўлены і прыстасаваны пад музейныя функцыі сусветна вядомыя замкавыя комплексы ў г. п. Мір (2010 г.) і ў Нясвіжы (2011 г.). Стварэнне музейных устаноў на базе адрэстаўрыраваных аб’ектаў ЮНЕСКА адчувальна паўплывала на эканоміку рэгіёнаў, прыцягненне інвестараў і развіццё турыстычнай інфраструктуры.

Даведка

З’явіліся новыя турыстычныя аб’екты. Толькі за апошнія два гады завершаны работы па стварэнні археалагічнага музея-скансена ў в. Каменюкі Камянецкага раёна (2020 г.), а таксама музея пад адкрытым небам у археалагічным комплексе “Юровічы” ў Калінкавіцкім раёне (2020 г.), завершана рэканструкцыя палаца Пуслоўскіх у г. п. Косава Івацэвіцкага раёна (2020 г.), Лідскага замка (2020 г.), Гальшанскага  замка (2021 г.), форта № 5 у складзе фартыфікацыйных збудаванняў Брэсцкай крэпасці (2020 г.), мемарыяльнага комплексу “Рыленкі” ў в. Рыленкі Дубровенскага раёна (2020 г.).

Выкарыстанне патэнцыялу гістарычнай спадчыны працуе як на папулярызацыю і развіццё рэгіёнаў, так і дзяржавы ў цэлым, спрыяе фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці, выклікае пачуццё гонару за сваю краіну.

Адказныя адносіны Рэспублікі Беларусь да захавання спадчыны высока ацэнена міжнароднай грамадскасцю, што пацверджана статусам ЮНЕСКА.

Даведка

У прыватнасці, у Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА ўключаны:

у 1992 годзе – Белавежская пушча (помнік прыроды);

у 2000 годзе – замкавы комплекс “Мір”;

у 2005 годзе – архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыя Радзівілаў ў г. Нясвіжы і Дуга Струвэ.

У папярэдні Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ўключаны Аўгустоўскі канал, Спаса-Праабражэнская царква і Сафійскі сабор ў Полацку, БарысаГлебская (Каложская) царква ў Гродне, культурныя збудаванні абарончага тыпу, драўляныя цэрквы Палесся.

Рэспубліка Беларусь стала адной з краін, якія ратыфітыкавалі ў 2006 годзе Канвенцыю аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Даведка

У спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ўключаны: святочны калядны абрад “Калядныя цары” ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна, “Урачыстасць у гонар ушанавання іконы Маці Божай Будслаўскай” (Будслаўскі фэст)” у аг. Будслаў Мядзельскага раёна, вясенні абрад “Юр’еўскі харавод” у в. Пагост Жыткавіцкага раёна, “Культура бортніцтва Беларусі і Польшчы”.

 У 2021 годзе Міністэрствам культуры накіравана ў Сакратарыят Канвенцыі па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА дасье па элеменце гісторыка-культурнай спадчыны “Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні” і пачата падрыхтоўка чарговай намінацыі “Беларускае мастацтва выцінанкі”.

Гісторыю роднай краіны, яе гераічныя і трагічныя старонкі, культурныя традыцыі павінен ведаць кожны беларус. У адпаведнасці з рэзалюцыяй VI Усебеларскага народнага сходу вядзецца работа над дзяржаўнай праграмай патрыятычнага выхавання  насельніцтва. Дадзеная праграма будзе рэалізоўвацца ва ўсіх сферах (інфармацыйнай, культурнай, у сферы рэлігіі, адукацыі і інш.), з усімі катэгорыямі грамадзян, на ўсіх этапах іх жыццёвага шляху, усімі даступнымі формамі і метадамі з выкарыстаннем самых сучасных тэхналогій.