Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

 

Поўным ходам у гэтыя дні ідзе капітальны рамонт маставога збудавання ў гарпасёлку Івянец па вуліцы Стаўбцоўскай.

Работы, на якія выдаткавана 10000 рублёў, вядуць спецыялісты КУП “Мінскаблдарбуд”. Іх запланавана завяршыць да 30 ліпеня.

А ў Валожыне работнікі РУП “Валожынскі жылкамунгас” 15 чэрвеня прыступілі да замены агароджы на мосце па вуліцы Шчарбіны. Да канца месяца металічная агароджа прыме новы выгляд.

У аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшлі двухтыднёвыя навучальныя курсы “Роўны дапамагае роўнаму”.

Удзел прымалі людзі з інваліднасцю – ад 13 да 15 чалавек. А праводзіў курсы жыхар райцэнтра інвалід ІІ групы Дзмітрый Пятровіч, які зараз працуе спецыялістам турыстычна-інфармацыйнага філіяла цэнтра. Праходзілі заняткі па панядзелках і серадах у цікавай практычнай форме. Для жыцця ў соцыуме Дзмітрый вучыў моладзь правільна ўключаць і карыстацца пральнай машынай, газавай плітой, ліфтам. Падчас выязнога занятка ў аптэку наведвальнікі навучыліся карыстацца электронным табло. Праз спецыяльныя відэаролікі авалодвалі навыкамі самаабслугоўвання, асабістай гігіены і многімі іншымі, што ў далейшым дапаможа ў жыццёвых сітуацыях.

Сярод насельнікаў Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Налібоцкі” назіраецца сапраўдны бэбі-бум.

Калі ў 2020 годзе навасёлы – тарпанападобныя конікі – прывялі 35 жарабят, то сёлета на свет з’явіліся ўжо каля 50, і гэта яшчэ не мяжа. У 2019 і 2020 гадах было па тры кладкі ў глушцоў. У бягучым годзе чакаюць 6 вывадкаў гэтых птушак.

Работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва правялі выязное мерапрыемства “Мы сустракаем лета!” для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з расстройствам аўтыстычнага спектра.

Мерапрыемства прайшло на экалагічнай сцяжыне “Белакорац”, дзе спецыяліст Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Налібоцкі” Ларыса Кулак правяла экскурсію і пазнаёміла з раслінным і жывёльным светам пушчы. А потым быў доўгачаканы пікнік з барбекю і чаем з лекавых траў, які праходзіў у цёплай, сяброўскай абстаноўцы. Нечаканай і нават неплануемай стала сустрэча з тарпанападобнымі канямі і чарадой журавоў. Удзельнікам мерапрыемства былі ўручаны падарункі ад раённага таварыства інвалідаў і Беларускага фонду міласэрнасці і здароўя.

З 12 чэрвеня аднавіла сваю работу “Фермерская лаўка” на вуліцы Савецкай у райцэнтры, якая некаторы час не працавала з-за змены гаспадара.

У продажы ёсць мяса свініны і паўфабрыкаты з яго. Магчыма, з’явяцца і іншыя прадукты ўласнай вытворчасці, якіх да гэтага не было ў магазінах горада.

Дзякуючы прыватнаму прытулку для старых людзей “Сямейны прычал”, што ў вёсцы Вайганы Вішнеўскага сельсавета, наваколлі абуджаюцца музыкай і песнямі. На канцэрты прыходзяць жыхары суседніх вёсак. Дзверы ўстановы не зачынены для гасцей.

17 чэрвеня перад насельнікамі прытулка выступалі вакальная група “Пріорбанка” і салісты ВІА “Сябры”. Гучалі любімыя старэйшым пакаленнем шлягеры савецкіх часоў. Сустракалі спевакоў гучнымі апладысментамі – здавалася, у скокі пойдуць нават калясачнікі. А напярэдадні з канцэртнай праграмай пабывалі прадстаўнікі Мінскай евангельскай царквы “Благодать”. Яны прывезлі і падарункі – сваімі рукамі пашытыя коўдры, падушкі і пасцельныя прылады, многа пакаёвых кветак. Нядаўна з канцэртам прыязджаў таксама цыганскі ансамбль “Арго”. А прадстаўнікі фонду Аляксандра Ціхановіча перадалі аддзенне для дзяцей, якое атрымаюць мнагадзетныя і малазабяспечаныя сем’і.

Новымі кнігамі папоўніўся фонд Валожынскай дзіцячай бібліятэкі, што вельмі ўзрадуе аматараў чытання.

Паступілі адразу некалькі кніг беларускай аўтаркі Ірыны Токаравай. Кожная з іх – інтэрактыўнае падарожжа ў свет гульні. Серыя “Шафа” – пазнавальныя казкі і серыя “Гадзіннікі…” – “Гадзіннікі, альбо Цім у Мірскім замку”, “Цім у Старажытным Егіпце”, “Цім у Сярэднявеччы”. Нават дарослым будзе цікава пачытаць кнігі расійскай пісьменніцы Вольгі Малышкінай пра эрмітажнага ката Брыся, які ахоўвае музейныя скарбы ад грызуноў. Прыгоды ката адбываюцца ў прасторы і часе.