Меней работы, болей здаровых пацыентаў!

Безопасность и здоровье Общество Официально Ступені поспеху

Марына ЮША, Пётр ПЯТРОВІЧ, Ірына ШОТА, Марына ТУР, Ілля ДЗЯМБІЦКІ і Вольга ШЫНГЕР.

Такія пажаданні выказаў медыкам Валожыншчыны намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч Шакун, узнагароджваючы лепшых работнікаў галіны з нагоды прафесійнага свята.

Безумоўна ж, словы прызнання і ўдзячнасці заслугоўваюць усе, хто дапамагае чалавеку з’явіцца на свет, лечыць хваробы, дае надзею і вяртае да жыцця. Тым больш, што святочных дзён у людзей такой гуманнай і высакароднай прафесіі амаль не бывае. У сувязі з няпростай эпідэмічнай сітуацыяй ва ўсім свеце ўрачыстасць не праводзілі, аднак падзякаваць за працу і адзначыць тых, хто ўнёс вялікі ўклад у захаванне і падтрыманне здароўя валожынцаў, палічылі важным і неабходным. Таму ў невялікай канферэнц-зале раённай паліклінікі сабралі толькі ўзнагароджваемых.

Сёлета ў спісе ўшанаваных – пад сотню чалавек. Сярод самых значных узнагарод – знак “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь” ад міністэрства: ім заахвочана загадчыца Вішнеўскай урачэбнай амбулаторыі Аліна Уладзіміраўна Круцько; Падзяка міністра аховы здароўя аб’яўлена медыцынскай сястры паліклінікі Алене Эдуардаўне Рынкевіч; Падзяку старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта атрымала ўрач-педыятр раённы Ірына Аляксандраўна Юхноўская; ад Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінаблвыканкама Ганаровай граматай узнагароджана загадчыца клінічна-дыягнастычнай лабараторыі раённай паліклінікі Наталля Паўлаўна Дубінка, падзякамі – медыцынская сястра тэрапеўтычнага аддзялення Марына Аляксандраўна Бяззубенка, вадзіцель медыцынскай дапамогі Сяргей Іванавіч Мошка.

Валожынскі раённы выканаўчы камітэт узнагародзіў урача-тэрапеўта прыёмнага аддзялення Іллю Алегавіча Дзямбіцкага, урача агульнай практыкі Ірыну Іосіфаўну Шота, медыцынскую сястру хірургічнага аддзялення Марыну Георгіеўну Юша, памочніка ўрача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Багданаўскай амбулаторыі агульнай практыкі Вольгу Тадэвушаўну Шынгер, інжынера Пятра Іванавіча Пятровіча, бухгалтара Людмілу Антонаўну Старасвіцкую, санітарку аперацыйнага блока хірургічнага аддзялення Марыну Іванаўну Тур.

Уручаючы заслужаныя ўзнагароды, намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч Шакун адзначыў высокі прафесіяналізм валожынскіх медыкаў, іх самаахвярнасць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу хвораму ў любы час сутак. Ён падкрэсліў: многія з тых, хто патрапіў у пастку COVID-19, шкадавалі, што не праходзілі лячэнне менавіта ў нашым інфекцыйным шпіталі. Такую ж думку выказаў і міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Леанідавіч Піневіч падчас наведвання райбальніцы і размовы з работнікамі ўстановы. Віншуючы прысутных, Ігар Уладзіміравіч пажадаў меней работы і болей здаровых пацыентаў.

Словы ўдзячнасці за добрасумленную працу адрасавала падначаленым і намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі Ганна Валер’еўна Шурыгіна. Яна звярнула асаблівую ўвагу на тое, наколькі важна ў калектыве разумець і падтрымліваць адзін аднаго, і выказала пажаданне, каб усмешкі і радасць на твары былі ў кожнага з іх штодзень. А таксама ўручыла Ганаровыя граматы і падзякі ад адміністрацыі райбальніцы.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара