Касавіца ў Пяршаях

Аграрный сектор и промышленность

На палетках сельгаспрадпрыемстваў раёна працягваецца вялікая і напружаная праца па нарыхтоўцы кармоў для грамадскага статка. У КСУП “Пяршаі-2014” па стане на раніцу 21 чэрвеня план першага ўкосу ўжо выкананы на 100,6%: скошана траў на плошчы 1489 га пры плане 1480 га. Тут нарыхтавана 313 тон сена (15,7% да плана), 8769 тон сенажу (46,2% да плана). На адну ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы назапашана 6,85 цэнтнеры кармавых адзінак травяных кармоў. Леташні паказчык перакрыты на 1,14 адзінак.

З агеньчыкам працуе на “зялёным жніве” Аляксандр ЛІПЕНЬ. На кормаўборачным камбайне John Deere ён падняў і здрабніў 5470 тон травы – гэта лепшы вынік па гаспадарцы. Надвор’е спрыяе нарыхтоўцы больш сухой травяной масы, а значыць, пры захаванні тэхналогіі закладкі можна разлічваць на высокую якасць сенажу. Працоўны дзень у гэты гарачы час для Аляксандра Віктаравіча і яго калег пачынаецца ў сем гадзін раніцы і заканчваецца позна вечарам. Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства хваліць механізатара за яго залатыя рукі, працавітасць і надзейнасць.

Адзін з самых вопытных механізатараў гаспадаркі Фёдар ЯЦЫК на трактары Fendt 930 з сучаснай шыроказахопнай касілкай-плюшчылкай КПР-9 не першы год паказвае выдатныя вынікі падчас касавіцы. Стараецца ад душы, бо добра ведае, што ад яго ў вялікай ступені залежаць тэмпы работ. Сёлета з пачатку нарыхтоўкі кармоў ён паклаў у пракосы травы на плошчы 821 га. Шчыры, дысцыплінаваны, з пачуццём адказнасці за даручаную справу механізатар карыстаецца заслужанай павагай у калектыве.

Іван НАРКЕВІЧ ужо 45 гадоў за рулём. Вопытнаму і стараннаму механізатару падпарадкоўваюцца розныя агрэгаты і механізмы. Менавіта пра гэтага чалавека можна сказаць, што ён па-сапраўднаму ўлюблёны ў тэхніку. На цяперашні час Іван Міхайлавіч з дапамогай прыстасавання ГРЛ-9,6 валкуе і варочае траву перад тым, як прыбраць яе з поля. З пачатку нарыхтоўчай кампаніі механізатар згроб зялёную масу на плошчы 1097 га. За дзень прыбірае да 56 га сельгасугоддзяў.

Высокую прадукцыйнасць працы паказвае Павел Суша. На кормаўборачным камбайне КВК-800 “ПАЛЕССЕ FS80-2” малады работнік падняў 4001 тону травяной масы. Павел Уладзіміравіч уважліва ставіцца да тэхнікі, бо ведае: толькі ад яго залежыць, колькі будзе “хадзіць” трактар ці іншы сельскагаспадарчы агрэгат і ці не падвядзе ён у адказны момант.