Актыўна, весела, з драйвам

2021 - Год народнага адзінства Общество

Каманды ў час творчага конкурсу.

прайшоў на Валожыншчыне ў мінулыя выхадныя раённы турыстычны злёт, прысвечаны Году народнага адзінства.

Заяўкі на ўдзел у маштабным спартыўным фэсце на вольным паветры падалі 12 каманд з розных прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый. Заезд на легендарную паляну непадалёк вёскі Міхалова на ўзбярэжжы Іслачы адбыўся ў пятніцу ў другой палове дня. Толькі спартсмены паспелі разбіць свае лагеры – і прагучаў сігнал на ўсеагульнае пастраенне. Урачыстае адкрыццё мерапрыемства правёў намеснік старшыні райвыканкама Ігар ШАКУН.

 

У перацягванні канату лепшымі сталі супрацоўнікі РЦГіЭ.

І адразу ж спаборніцтвы стартавалі. Першым падрыхтаваным судзейскай камандай конкурсам стала перацягванне канату. Праходзіла яно азартна і напружана: прадстаўнікі заяўленых калектываў усур’ёз уключыліся ў барацьбу за перамогу, не збіраючыся аддаваць супернікам лаўры першынства. Тым не менш, лідары выявіліся дастаткова хутка. Трэцяе месца ў гэтай дысцыпліне заваявала Валожынскага райвыканкама, другое – вайскоўцы з часці 30695. А бясспрэчнымі лідарамі сталі супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

 

У кіданні бервяна лідзіравала каманда цэнтральнай раённай бальніцы, а ў баях на бервяне – прадстаўнікі льнокамбіната.

Праз некалькі хвілін пасля завяршэння стартавалі «баі на бервяне». У іх удзельнічалі як мужчыны, так і жанчыны. Бронзавым прызёрам стала каманда Пяршайскага сельсавета, сярэбраным – райвыканкама. Перамогу ж святкавалі работнікі ААТ «Валожынскі льнокамбінат».

Тэхніка пешаходнага турызму пакарылася ўдзельнікам турзлёту ад Валожынскага ТЦСАН.

 

 

Першы дзень турзлёту завяршыўся песнямі ля кастра, духмянай вячэрай і дыскатэкай. А субота прынесла новыя конкурсы, падчас некаторых з якіх давялося сур’ёзна папацець. Дартс для кіраўнікоў каманд змяніў паркавы валейбол, пасля яго удзельнікі рушылі бліжэй да ракі, дзе суддзі праверылі ступень валодання тэхнікай пешаходнага турызму. Сюды ўваходзілі і сплаў на байдарках, і пераход ракі праз бервяно, і элементы альпінізму… Шмат каму давялося паспытаць, наколькі цёплая вада ў Іслачы.

Вечарам прайшлі конкурсы на лепшую турыстычную страву і творчае выступленне каманд. Артыстызм і арыгінальнасць дамінавалі!

Завяршыўся турзлёт у нядзелю конкурсам на лепшае афармленне месца пражывання каманды і падвядзеннем вынікаў з узнагароджаннем лепшых.  

ЛІДАРЫ:

Па выніках турзлёту першае месца заваявала каманда воінскай часці 30695.

Другое – у прадстаўнікоў раённага выканаўчака камітэта.

Трэцімі сталі спартсмены з КСУП «Валожынскае».

Тэкст і фота

Сяргея САДОЎСКАГА.