Наступствы ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах

Закон и порядок

Законам Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” дакладна вызначаны парадак правядзення такіх ініцыятыў. Да іх адносяцца сходы, мітынгі, вулічныя шэсці, дэманстрацыі і пікетаванне. Любое невыкананне ўстаноўленых патрабаванняў цягне адміністрацыйную альбо крымінальную адказнасць.

Варта адзначыць, што за здзяйсненне злачынстваў супраць дзяржавы, парадку ўпраўлення і грамадскай бяспекі прадугледжаны строгія меры адказнасці. Так, арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супраціўленнем прадстаўнікам улады пацягне за сабой пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да 15 гадоў, а ўдзел ва ўчыненні такіх дзеянняў – у выглядзе пазбаўлення волі да 8 гадоў.

Калі пры правядзенні масавых мерапрыемстваў з парушэннем устаноўленага парадку па неасцярожнасці наступіць гібель людзей, прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў аднаму ці некалькім асобам або прычыненне шкоды ў буйным памеры, за такія дзеянні могуць прызначыць пакаранне ў выглядзе арышту, або абмежавання волі на тэрмін да 3 гадоў, або пазбаўлення волі на той жа тэрмін.

За арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, калі яны будуць звязаныя з непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнуць парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый пагражае пакаранне да пазбаўлення волі на тэрмін да 3 гадоў.

Адказнасць да пазбаўлення волі можа наступіць за супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе пры выкананні абавязкаў па ахове грамадскага парадку, а таксама за гвалт або пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў ці яго блізкіх з мэтай перашкодзіць яго законнай дзейнасці.

Выпадкі публічных заклікаў да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, здрадзе дзяржаве, учынення акта тэрарызму ці дыверсіі, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, альбо распаўсюджанне матэрыялаў, якія змяшчаюць такія заклікі, з’яўляюцца падставамі для крымінальнай адказнасці. За пералічаныя дзеянні, учыненыя з выкарыстаннем СМІ або глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт, прадугледжана крымінальная адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі да 5 гадоў.

Згодна з арт. 24.23 КоАП Рэспублікі Беларусь “Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў”:

  1. Парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства, учыненае ўдзельнікам такіх мерапрыемстваў, а роўна публічныя заклікі да арганізацыі або правядзення іх з парушэннем устаноўленага парадку арганізацыі або правядзення, учыненыя ўдзельнікам такіх мерапрыемстваў альбо іншай асобай, – цягнуць папярэджанне, або накладанне штрафу ў памеры да ста базавых велічынь, або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт.
  2. Парушэнне ўстаноўленага парадку арганізацыі або правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства, а роўна публічныя заклікі да арганізацыі або правядзення іх з парушэннем устаноўленага парадку арганізацыі або правядзення, учыненыя арганізатарам такіх мерапрыемстваў, – цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад дваццаці да ста пяцідзесяці базавых велічынь, або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт, а на юрыдычную асобу – ад дваццаці да двухсот базавых велічынь.
  3. Дзеянні, прадугледжаныя часткай 1 гэтага артыкула, учыненыя паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні, – цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад дваццаці да двухсот базавых велічынь, або грамадскія працы або адміністрацыйны арышт.
  4. Дзеянні, прадугледжаныя часткай 2 гэтага артыкула, учыненыя паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні, – цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад дваццаці да двухсот базавых велічынь, або грамадскія працы або адміністрацыйны арышт, а на юрыдычную асобу – ад дваццаці да двухсот базавых велічынь.
  5. Дзеянні, прадугледжаныя часткай 1 гэтага артыкула, учыненыя за ўзнагароджанне, – цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад трыццаці да двухсот базавых велічынь, або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт.
  6. Дзеянні, прадугледжаныя часткай 2 гэтага артыкула, якія суправаджаюцца выплатай узнагароджання за ўдзел у сходзе, мітынгу, вулічным шэсці, дэманстрацыі, пікетаванні, – цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад сарака да двухсот базавых велічынь, або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт, а на юрыдычную асобу – ад двухсот пяцідзесяці да пяцісот базавых велічынь.

Акрамя крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, заканадаўствам устаноўлена, што кожны, хто прычыніў шкоду грамадзянам і арганізацыям падчас правядзення масавых мерапрыемстваў, абавязаны яго пакрыць.

Сяргей ЛАТЫШАЎ,

намеснік начальніка раённага аддзела унутраных спраў