Знайшла сябе ў творчасці

Культура Общество

Цудоўная выстава маладой, абаяльнай, творча адоранай валожынкі Веранікі Фясюн ладзілася ў памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца”. У асноўным тут былі прадстаўлены работы з ізалону для дызайну інтэр’ера памяшканняў.

Вераніка нарадзілася і вырасла ў Валожыне, закончыла сярэднюю школу № 1. Падчас вучобы захапілася маляваннем, займалася на аддзяленні выяўленчага мастацтва Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў. Прымала актыўны ўдзел у шматлікіх выставах, конкурсах, дзе не аднойчы станавілася пераможцай. Падабалася ёй і майстраваць нешта сваімі рукамі. Гэта, напэўна, перадалося ад матулі, выставы работ якой таксама праходзілі ў “Скарбніцы”.

Таму, калі прыйшоў час выбіраць будучую прафесію, вырашыла паступаць у Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, дзе навучылася ручному ткацтву, мастацка-афарміцельскім работам і дызайну інтэр’ераў. Па размеркаванні яна трапіла на працу на адно з буйнейшых прадпрыемстваў мастацкіх промыслаў Беларусі – фабрыку “Слуцкія паясы”. Затым быў Дубровенскі раённы Дом культуры, дзе дзяўчына змагла раскрыцца: прымала непасрэдны ўдзел ва мерапрыемствах, яе работы былі запатрабаваны на разнастайных выставах.

Далей лёс склаўся так, што Вераніка вярнулася дамоў да бацькоў. Тут яна ўладкавалася ў Бабровіцкі культурна-спартыўны цэнтр, паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, дзе трэці год вучыцца па спецыяльнасці “Менеджмент міжнародных культурных сувязей”. А нядаўна дзяўчына зноў памяняла месца працы. Цяпер яна педагог-арганізатар Валожынскага сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя. Зразумела, што маладая асоба спрабуе ўлсныя магчымасці, шукае сябе ў працы і творчасці. Сімвалічна, што назва экспазіцыі “Знайдзі сябе” адпавядае душэўнаму стану дзяўчыны.

Паступова Вераніка набывала вопыт і асвойвала ўсё новыя віды дзейнасці. Так, падчас вучобы ў каледжы навучылася выдатна ткаць на станку. Сярод захапленняў былі бісер, саломка, мылаварэнне, затым падабалася нешта вырабляць з фаамірана. Але ў выніку аддала перавагу ізалону. Лічыць, што гэта вельмі практычны матэрыял: не камечыцца, добра фарміруецца, лёггка мыецца. Можна сказаць, што наша гераіня нейкім чынам сябе ўжо знайшла.

Падтрымаць педагога на выставу завіталі навучэнкі ліцэя. Яны, як і іншыя наведвальнікі, былі ўражаны тым, што ўбачылі. Прыгожыя свяцільні ў выглядзе разнастайных буйных роставых кветак упрыгожаць любы інтэр’ер. А невялікія лялькі, звяры, птушкі і казачныя героі спадабаюцца дзецям.

Захапленне Веранікі падтрымліваюць родныя і блізкія, стараюцца дапамагчы маладому майстру. Нехта выразае пялёсткі з ізалону, а на іншую кветку іх патрэбна да 600 штук, а нехта разбіраецца з электрыкай. Атрымліваецца сапраўдны сямейны падрад.

У сацыяльнай сетцы Instagram наша гераіня стварыла групу Happy present, дзе выкладае ўласныя работы. Яна працуе як рамеснік, а таму ў апошні час большасць свяцільняў робіць пад заказ на продаж. Ёй падабаецца тое, чым займаецца. Вераніка стараецца пастаянна ўдасканальвацца, заўсёды радуецца, калі бачыць вынікі працы. Пажадаем ёй поспехаў ва ўсіх пачынаннях.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара