Мітынг-рэквіем і хвіліна маўчання: на Валожыншчыне прайшоў дзень памяці і смутку

2021 - Год народнага адзінства Беларусь помнит, Минщина гордится Главное Общество

…22 чэрвеня 1941 года і 9 мая 1945-га раздзяляюць 1418 дзён і начэй, праведзеных нашымі дзядамі і прадзядамі ў самым пекле вайны. 24 гадзіны, напоўненыя ровам самалётаў, выбухамі снарадаў і свістам варожых куль, для кожнага з іх доўжыліся, здавалася, цэлае жыццё… Выстаялі. Перамаглі. Але колькі ж перанеслі страт і пакут!.. У 80-ю гадавіну з пачатку Вялікай Айчыннай на плошчы Свабоды райцэнтра адбыўся мітынг-рэквіем, падчас якога былі ўзгаданы імёны тых, хто з першых дзён грудзьмі закрываў Радзіму ад акупантаў і спачыў на палях баёў. У памяць пра іх кожны працоўны калектыў Валожыншчыны ў 12.00 далучыўся да ўсенароднай хвіліны маўчання. 

Адна з самых трагічных дат у беларускай гісторыі прынесла шмат гора нашай шматпакутнай зямлі. Аднак менавіта тады, 22 чэрвеня, народ зрабіў свой выбар: у час небяспекі быць разам са сваёй Айчынай, раздзяліць з ёй боль, адстаяць права жыхароў на жыццё і свабоду. За гады вайны гітлераўцы знішчылі на Валожыншчыне 64 вёскі і сотні хутароў, на франтах загінулі 2082 валожынцы, з іх 436 пры вызваленні краін Еўропы. 13 чалавек аддалі жыццё за вызваленне раёна, 247 — у партызанскіх баях… На тэрыторыі нашага раёна ўзведзены 58 помнікаў і абеліскаў, дзе ўвекавечаны подзвіг і страшная ахвяра тысяч воінаў і партызан з краін Савецкага Саюза, якія да канца змагаліся за будучыню і мір.

Аб гэтым падчас мітынгу гаварылі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Ігар ШАКУН, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Таццяна ЦІГАНІНА. Выступоўцы адзначылі: ніхто ўжо не ў сілах вярнуць франтавікоў, многія з якіх не паспелі дабудаваць дамы, выхаваць дзетак і нават стварыць сем’і. Але ў нашых сілах увекавечыць Памяць аб іх. Не забыць абставін, што прывялі да крывавай трагедыі. Не дапусціць новых разрух.

Вечная памяць героям!

Усенародная хвіліна маўчання на Валожыншчыне:

У ААТ «Валожынская райаграпрамтэхніка»
…у філіяле КУП «Мінскаблдарбуд»-«ДРБУ № 167»
Да рэспубліканскай акцыі далучыліся таксама калектывы тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва…
…філіяла ААТ «Мінаблпаліва». У гэтай арганізацыі ў 12.00 былі спынены дрывакольныя станкі.
Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых за мір савецкіх салдат навучэнцы прафесіянальнага сельскагаспадарчага ліцэя…
… юныя наведвальнікі летняга лагера, што дзейнічае на базе сярэдняй школы № 2 г. Валожына і многія, многія іншыя…