Тэмпература паветра ў Беларусі 22 чэрвеня паднімалася амаль да 36 градусаў гарачыні

Кругозор

Тэмпература паветра ў Беларусі 22 чэрвеня паднімалася амаль да 36 градусаў гарачыні, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

«Учора на метэастанцыі Акцябр у Гомельскай вобласці была зафіксавана вельмі высокая тэмпература паветра — плюс 35,9. У Гомелі слупок тэрмометра дасягнуў адзнакі 35 градусаў вышэй за нуль, Магілёве — плюс 34,9, Мінску — плюс 33,5, Брэсце — плюс 32,5, Гродне — плюс 31,2. Тэмпература паветра была на 6-10 градусаў вышэй за кліматычную норму», — расказалі ў Белгідрамеце.

У Беларусі аб’яўлены чырвоны ўзровень небяспекі з-за гарачыні на 23-24 чэрвеня. Паводле прагнозаў сіноптыкаў, на большай частцы Гомельскай і Магілёўскай абласцей тэмпература паветра будзе складаць 35-36 градусаў, на астатняй тэрыторыі краіны — 30-34 градусы, месцамі магчыма павышэнне да плюс 35.

Прагназуецца, што гарачыня пачне паступова спадаць з суботы, 26 чэрвеня. «Чакаем перамяшчэнне атмасфернага фронту з тэрыторыі Польшчы. Прагназуем, што ён паступова, пачынаючы з заходніх раёнаў, будзе выцясняць гарачае паветра на ўсход, на тэрыторыю Расіі. У суботу па ўсходзе краіны тэмпература яшчэ можа павысіцца да плюс 30 градусаў і вышэй, у іншых рэгіёнах будзе плюс 23-29. Пачынаючы з нядзелі тэмпература 23-28 градусаў прагназуецца на большай частцы тэрыторыі краіны. Не абыдзецца без кароткачасовых навальнічных дажджоў», — адзначылі ў Белгідрамеце.