Хвіліна маўчання: меркаванні

Мы говорим Общество

Пасля пераможнага мая 1945 года змянілася некалькі пакаленняў. Аднак генетычная памяць беларускага народа, перажыўшага акупацыю, страціўшага кожнага трэцяга свайго суайчынніка, заўсёды будзе захоўваць той жудасны перыяд, калі на франтах гінулі салдаты і афіцэры,  на акупіраваных тэрыторыях палалі вёскі і жывымі спальваліся ні ў чым не павінныя мірныя жыхары. Тыя, у каго мы запыталіся пра іх асабістае стаўленне да самога паняцця “вайна”, ведаюць пра далёкія падзеі з падручнікаў гісторыі і літаратуры, з успамінаў дзядоў і прадзедаў, але кожны мае сваё меркаванне. Вось што мы пачулі ад жыхароў Валожына ў Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

Вераніка ЗАГОРСКАЯ,старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў:

– Мой дзядуля па мацярынскай лініі Франц Антонавіч Яблонскі, ураджэнец вёскі Ластаянцы, быў разведчыкам, служыў у Войску Польскім імя Тадэвуша Касцюшкі. На 9 мая я з ім хадзіла на парад: памятаю, як іграў аркестр, а ветэраны ў кіцелях з медалямі здаваліся нейкімі казачнымі героямі – для вясковай дзетвары гэта было сапраўднае свята.

Сёння ж на мітынгу-рэквіуме на мяне нечакана нахлынулі пачуцці: хацелася не плакаць, а рыдаць. Нас жа сапраўды спрабавалі знішчыць як нацыю, але дзяды і прадзеды выстаялі, не здрадзілі Радзіме, свайму народу, хоць яны баяліся, як і кожны чалавек, штодзень сустракаючыся твар у твар са сваёй смерцю, страчваючы сяброў і дарагіх людзей. Упарта, мужна і самааддана ішлі наперад, каб даць нам жыццё і мір.

 

Дзмітрый Ажарэльеў, дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы

– За 80 гадоў з пачатку Вялікай Айчыннай вайны вырасла не адно пакаленне беларусаў. Удзельнікаў баявых дзеянняў, якія выратавалі свет ад фашысцкай навалы, амаль не засталося ў жывых. Усё менш і тых, хто можа расказаць сваім унукам і праўнукам пра тое, што ім давялося перажыць у дзяцінстве. У маёй памяці назаўсёды засталіся сведчанні дзядуляў Васіля Сцяфанавіча Ажарэльева і Аляксандра Сямёнавіча Аскеркі, маленства якіх прыйшлося на тую жудасную пару. Іх яркія ўспаміны сталі для мяне самай шчырай і дакладнай крыніцай інфармацыі. У моманты тых расповедаў, я думкамі пераносіўся ў страшныя ваенныя гады. Здавалася, увачавідкі бачыў жахі голаду, безвыхаднасць, разруху, бясконцыя смерці. Такое нельга забыць. Моладзь абавязана ведаць і памятаць аб подзвігах сваіх продкаў.

 

Загадчык філіяла “Турыстычны інфармацыйны і рэакрэацыйны цэнтр” ТЦСАН Таццяна БАРАДАКА.

– Як і ўсе прадстаўнікі майго пакалення, пра вайну ведаю з кіно і кніг. У нашай сям’і праз гады захоўваецца памяць пра прадзеда Фёдара Васільевіча Урублеўскага. Ён прайшоў дарогамі вайны з 1941 па 1945 гады. Ва Усходняй Прусіі атрымаў раненне і пасля працяглага лячэння вярнуўся дадому. Мой бацька, яго унук, гадаваўся на ўспамінах ветэрана. Што запомніў, перадаў нам, сваім дзецям. У сям’і як сапраўдныя святыні захоўваюцца баявыя ўзнагароды нашага продка. Я асабіста вайну лічу самым пачварным дзеяннем у свеце. Гэта ж не прыродны катаклізм. Яе пачынаюць людзі, свядома накіроўваючы на гібель тысячы і тысячы сваіх суайчыннікаў. У мяне расце сын, і я не хачу, каб яму давялося ваяваць.

 

Лейтэнант воінскай часці 30695 Лізавета БЕРАСНЕВІЧ,псіхолаг брыгады:

–  У дзяцінстве я чула аповеды бабулі, якая расказвала пра сваіх братоў-франтавікоў. Памяць пажылой жанчыны захавала момант развітання сям’і  з трыма юнымі хлопчыкамі. На шчасце, усе яны вярнуліся жывымі ў маі 1945 года.  Расказвала бабуля і пра пахаванкі, пасля атрымання якіх  па ўсёй вёсцы стаяў плач. Мяне тыя ўспаміны краналі да слёз. А пасля я пазнаёмілася з творчасцю Васіля Быкава. Аднойчы на ўроку беларускай літаратуры павінна была пераказаць адно з апавяданняў і не змагла – расплакалася. Яшчэ тады зразумела: вайна – мой асабісты вораг, а хто яе распачынае, не мае права на апраўданне. Я – вайсковец, аднак спадзяюся: Узброеныя Сілы Беларусі ніколі не будуць прымаць удзел ні ў якіх ваенных аперацыях.