Пах бабровіцкіх траў

Аграрный сектор и промышленность

Побач з тэхнікай важна праходжваюцца буслы – безумоўны атрыбут “зялёнага жніва”. Гэты прыгожы, такі блізкі сэрцу малюнак па-сапраўднаму хвалюе душу, як і непаўторны пах свежаскошанай травы…

На палетках сельгаспрадпрыемстваў раёна план па скошванні траў першага ўкосу выкананы на 100 працэнтаў, але праца па нарыхтоўцы кармоў для грамадскага пагалоўя працягваецца.

У СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” па стане на раніцу 21 чэрвеня скошаны травы на плошчы 1735 га. Тут нарыхтавана 55 тон сена (15,7% да плана), 10125 тон сенажу (48,2% да плана). На адну ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы назапашана 8,22 цэнтнера кармавых адзінак травяных кармоў, што на 1,53 адзінкі перавышае леташні паказчык.

Па словах агранома гаспадаркі па кормавытворчасці Паўла Вярцінскага, у абавязкі якога ўваходзіць арганізацыя корманарыхтоўчых работ, травы сёлета выраслі добрыя, сакавітая, і ў гэту гарачую пару самае галоўнае – зладжанасць у працы і няўхільнае выкананне ўсіх тэхналагічных працэсаў. Пакуль усё складваецца належным чынам для таго, каб забяспечыць кароў і маладняк да будучага стойлавага перыяду дастатковай колькасцю травяністых кармоў, тым больш, што і надвор’е гэтаму спрыяе.

Падчас касавіцы праца на травяных палях не заціхае ўвесь светлавы дзень. Уладзімір ІГНАТОВІЧ – механізатар шырокага профілю, выконвае кожную даручаную работу сумленна і якасна. Любая справа для яго звыклая, бо паўтараецца з года ў год. Калі мы наведваліся ў гаспадарку, Уладзімір Францавіч быў задзейнічаны на адвозцы зялёнай масы да месца яе закладкі. Між іншым, на 22 чэрвеня закладзена 8 з 13 запланаваных сянажных траншэй. Пазней вопытны работнік атрымаў больш новую тэхніку і цяпер з дапамогай спецыяльнага прыстасавання – грабляў – валкуе і варочае траву перад тым, як прыбраць яе з поля.

З першых дзён на нарыхтоўцы зялёнай масы заняты Аляксандр ШЧОТКІН, які працуе на высокапрадукцыйным кормаўборачным комплексе КВК “ПАЛЕССЕ” FS8060”. На ліку маладога механізатара больш за 5000 тон пажыўнага корму са злакавых і злакава-бабовых траў. У СГУ “Бабровічы” выкарыстоўваюцца самыя сучасныя і эфектыўныя тэхналогіі. Так на кормаўборачным камбайне ўстаноўлена спецыяльная ёмістасць з кансервантам. Агрэгат, рухаючыся па полі, “заглынае” валкі падвяленай травы, здрабняе іх у сянажную масу і адразу ж апрацоўвае кансервантам. Аляксандр Аляксеевіч праяўляе максімум увагі: пільна сочыць за тым, каб чыста падняць падрыхтаваную траву, а кармы не сыпаліся на зямлю і абавязкова траплялі ў прычэп трактара.

Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара