Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

На мінулым тыдні кіраўніцтва Мінскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання разам з дырэктарамі лясгасаў вобласці аб’ехалі ўсе падведамасныя тэрыторыі. У першую чаргу звярталі ўвагу на навядзенне парадку на зямлі, добраўпарадкаванне.

У нашым лясгасе прадстаўнічая дэлегацыя пабывала ў гадавальніку, у Багданаўскім, Валожынскім, Івянецкім лясніцтвах, у цэху “Клім”, на станцыі адгрузкі ў Багданаве і на некаторых іншых аб’ектах. Былі выказаны пэўныя заўвагі, дадзены тэрміны на ўхіленне недахопаў. Да канца бягучага года павінна быць добраўпарадкавана тэрыторыя паляўнічага комплексу.

Кафэ “ХХІ стагоддзе” ў Валожыне райспажыўтаварыства перадало ў арэнду прыватнаму прадпрыемству “ЕЛМЕЖУК”. Неўзабаве гэта кропка грамадскага харчавання пачне працаваць па прызначэнні.

 З пачатку года ў дамы-інтэрнаты, які дзейнічаюць на бюджэтнай аснове, адпраўлены 5 жыхароў раёна. 4  з іх будуць пражываць у дамах-інтэрнатах агульнага тыпу і 1 – у псіханеўралагічным.

8 мая 2020 года ў Астрашыцкім Гарадку ў Мінскім раёне адкрыўся новы дом-інтэрнат для старых людзей і інвалідаў “Камфортнае жыццё”. Установа разлічана на 65 насельнікаў, там створаны ўсе ўмовы для камфартабельнага пражывання і комплекснай рэабілітацыі. Калі хто жадае змясціць сваіх родных у практычна дамашнюю абстаноўку, то на платнай аснове там існуе аддзяленне павышанай камфортнасці з 1- і 2-пакаёвымі палатамі. Дарэчы, чэргаў у дамы-інтэрнаты практычна не назіраецца. А старым людзям там значна лепш, чым дажываць свой век у адзіноце.

На днях завяршылася першая змена ў лагерах з дзённым знаходжаннем, якія працавалі на базе ўстаноў адукацыі. На працягу дня выхаванцы не сядзелі без спраў, наведвалі кінатэатр, бібліятэкі, мясцовыя клубныя ўстановы, басейн, удзельнічалі ў розных мерапрыемствах і конкурсах.

У раённым цэнтры культуры для наведвальнікаў з СШ № 1 і № 2 правялі дзве гульныя праграмы “Вясёлая карусель” і “Танцавальны рынг”.  Работнік установы Наталля Пуркалік правяла майстар-класы “Дзіўныя кветкі” па вырабе дзівосных кветак з гафрыраванай паперы. А таксама быў майстар-клас па расфарбоўванні дзяржаўнага беларускага флага.

21 чэрвеня ў Беразіно прайшоў абласны семінар “Уцягванне вучняў у клубную дзейнасць як адзін з фактараў фарміравання асэнсаваных паводзін і станаўлення асобы”. У ім брала ўдзел педагог дадатковай адукацыі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна Н. П. Шыркова.

Удзельнікам семінара іх калегі паказалі формы ўзаемадзеяння з РАНС, ваенкаматам, таварыствам выратавання на водах і іншымі грамадскімі фарміраваннямі. У іх шмат гадоў працуе гурток юнага дапрызыўніка, праз які праходзіць большасць хлопчыкаў, асабліва з няпоўных сем’яў. І як вынік, у цяперашнім складзе РАНС працуюць 11 былых выхаванцаў гуртка. Многія выпускнікі звяртаюцца за мэтавымі накіраваннямі ў вышэйшыя і сярэднія-спецыяльныя ўстановы такога тыпу – слова патрыятызм для іх не пусты гук. На заканчэнне семінара госці пабывалі на экалагічнай сцяжыне ў паляўнічым комплексе “Вязычын”, а таксама ў іх міні-заапарку, дзе ўтрымліваюцца мядзведзь, лані, алені і іншыя насельнікі лесу.

30 членаў прафсаюза Валожынскага раёна газазабеспячэння ў мінулыя дні пабывалі на экскурсіі ў Брэсце, Ружанах і Косаве.

Запамінальнай стала аглядавая экскурсія па Брэсце, знаёмства з экспазіцыяй музея “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”. Уразіла Брэсцкая крэпасць-герой, якая ў гэтыя дні рыхтавалася да знамянальнай падзеі – 80-годдзя з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Пасля начоўкі валожынскія турысты рушылі ў Ружаны. У свята Тройцы трапілі на службу ў храм святых Пятра і Паўла, пазнаёміліся са славутасцямі гэтага гарадка. У Косава паглядзелі, як вядзецца аднаўленне замка Пуслоўскіх. Наведалі прыватны музей прасаў, пабывалі на сядзібе нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы, ЗША, ганаровага грамадзяніна Францыі Тадэвуша Касцюшкі, які нарадзіўся на Брэстчыне.

Каля 20 жыхароў раёна на мінулым тыдні наведалі першы ў Беларусі парк-музей інтэрактыўнай гісторыі “Сула”. Экскурсію арганізаваў РЦК.

Цікаваму падарожжу ў гісторыю беларускага народа садзейнічала і надвор’е. Шмат новага даведаліся экскурсанты падчас паездкі, адкрылі новыя абрады і звычаі. І гэта ўсё літаральна побач, не трэба ехаць далёка.

Свята вёскі Замасцяны Валожынскага сельсавета пад назвай “Мой родны кут” правялі 20 чэрвеня работнікі Сакаўшчынскага сельскага цэнтра культуры. І гэтым адкрылі летні цыкл святаў.

Сёння невялікія вёсачкі выжываюць за кошт дачнікаў. Ёсць яны і ў Замасцянах. Надаюць новы выгляд старым сядзібам, упрыгожваюць падворкі. У той дзень ушанавалі карэнную і самую старэйшую жыхарку Замасцян – 92-гадовую Марыю Уладзіміраўну Ляўковіч. І самага маладога – Аляксея Ключанкова, якому споўніцца 19. Бачна, што даўно не было ў вёсцы народзінаў, як і вяселляў. Аднак жывуць тут простыя і сумленныя, працавітыя і гасцінныя людзі, для якіх і ладзілася гэта свята.