Пераадольваючы бар’еры

Общество

У аддзяленні тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, што на вуліцы Набярэжнай, адбыўся семінар-практыкум “Бяспечнае суправаджэнне людзей з інваліднасцю” з удзелам прадстаўнікоў ГА “Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў”.

У мерапрыемстве, акрамя супрацоўнікаў сацыяльнай установы, прынялі ўдзел урач райбальніцы Алена Лушчыцкая, інжынер па ахове працы аўтапарка № 14 Марына Вялічка, інструктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Паліна Янкоўская, прадстаўнікі іншых зацікаўленых арганізацый, а таксама валанцёры ліцэя.

Заняткі для людзей, чые прафесійныя і грамадскія абавязкі ўключаюць клопат пра бяспеку і камфорт інвалідаў-калясачнікаў, правялі рэабілітолаг Дзяніс Васілевіч і інструктар Іван Слімко. Семінар быў спланаваны такім чынам, што тэарэтычныя веды адразу ж замацоўваліся практычнымі навыкамі. Прысутных навучылі садзіць чалавека ў каляску, дамагаць яму яе пакінуць. Адпрацоўваліся моманты, калі інвалід выпаў з каляскі, не можа самастойна спусціцца (падняцца) з лесвіцы, ці мае іншыя праблемы з перамяшчэннем на вуліцах, з пасадкай у аўтамабіль.

Іван, сам інвалід-калясачнік, даў неабходныя рэкамендацыі адносна таго, як неабходна апранацца людзям у падобным становішчы, каб іх перамяшчэнні заўсёды адпавядалі правілам бяспекі. Дарэчы, быў зроблены акцэнт і на бяспецы тых, хто дапамагае інвалідам.

Дзяніс мае ўласны вопыт догляду за матуляй, якая нарадзілася без рук і без ног, аднак змагла справіцца з мноствам цяжкасцей і жыць паўнацэнна (нават з’ўляецца пераможцам тэлепраекта АНТ “Гонар нацыі”). Яе сын ужо шмат гадоў займаецца высакароднай справай рэабілітацыі людзей, што перажылі цяжкія траўмы. Чаго не ведае пра праблему гэты юнак – таго, напэўна, проста не існуе. Сваім каштоўным вопытам ён гатовы шчодра дзяліцца з кожным, каму патрэбны падобныя кансультацыі.

Жыхары Валожыншчыны, у якіх ёсць пытанні ў гэтым кірунку, могуць звярнуцца ў ТЦСАН, дзе абавязкова атрымаюць ад удзельнікаў семінара разгорнутыя адказы. Пры неабходнасці можна выйсці і на кантакт з самімі трэнерамі. Як адзначыла дырэктар сацыяльнай установы Галіна Рай, у справе дапамогі людзям з абмежаванымі магчымасцямі нельга саромецца прасіць дапамогі і падтрымкі, кожнае пытанне можна і неабходна вырашыць.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара