Падарунак храму

Культура

У Год народнага адзінства на прастольнае свята храма Роўнаапостальных цара Канстанціна і маці яго царыцы Алены горада Валожына прыхаджанін Міхаіл Станкевіч падарыў уласную работу – выразаны па дрэве рэльефны абраз гэтых Святых.

Настаяцель храма протаіерэй Дзмітрый Агіевіч падзякаваў Міхаілу Васільевічу за працу і пажадаў многая лета, а прыхаджанка Наталля Буклыс уручыла яму ў знак удзячнасці кветкі.

Пры вялікай колькасці вернікаў адбылася ўрачыстая літургія і асвячэнне іконы, памер якой уражвае і складае прыкладна паўтара на паўтара метра. На ўвасабленне ў жыццё гэтага палатна аўтару спатрэбілася шэсць месяцаў. Кожную дэталь, кожны штрых ён дасканала прапрацаваў. У рабоце выкарыстоўваў дзве тэхнікі: выразанне і выпальванне.

Народны майстар разьбы па дрэве Міхаіл Станкевіч мае шмат цудоўных работ, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Рэльефныя тварэнні выстаўляюцца на гарадскіх, раённых, абласных і рэспубліканскіх святах, захоўваюцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, краін Еўропы і Амерыкі. Трох- і чатырохмерныя шэдэўры нікога не пакідаюць раўнадушнымі. Яны вабяць, прыцягваюць позірк. Гледзячы на іх, непрыкметна пачынаеш паглыбляцца ў самыя патаемныя куткі сваёй душы. Невычэрнай крыніцай натхнення для мастака з’яўляецца родная беларуская прырода. Напэўна таму, большасць разных работ прысвечаны ёй, а таксама біблейскай тэме, людзям, гістарычным падзеям, помнікам архітэктуры.

Рыгор РУСАКЕВІЧ,

жыхар Валожына