У кожным малюнку – глыбокі сэнс

Молодежный курьер Общество Ступені поспеху

Эвеліна ГІСІЧ і Таццяна МЫШЛЁН.

Навучэнкі Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна МЫШЛЁН і Эвеліна ГІСІЧ атрымалі дыпломы пераможцаў рэспубліканскага конкурсу дзіцячага малюнка “Нам мір завешчана берагчы”. Яшчэ адна валожынская ўдзельніца конкурсу – выпускніца школы мастацтваў Віялета МАКОЎСКАЯ – адзначана на абласным этапе конкурсу.

«Дорская трагедыя». Аўтар – Таццяна МЫШЛЁН.

Конкурс упершыню праводзіла Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў. Ён быў прымеркаваны да 80-годдзя з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. І, як высветлілася, выклікаў вялікую цікавасць у рабят рознага ўзросту: свае творчыя работы на ваенную тэму прадставілі больш за дзве тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх куткоў краіны. Да фіналу дайшлі 100, а ўсяго лаўрэатамі на рэспубліцы прызнаны 21 чалавек, у іх ліку – і нашы дзве юныя мастачкі.  

«Мая любімая бабуля. Равесніца вайны». Аўтар – Віялета МАКОЎСКАЯ.

 Адзнаку творчым работам дало кампетэнтнае журы на чале з мэтрам Мікалаем Апіокам – заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі, кавалерам ордэна Францыска Скарыны, лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” ў намінацыі “Выяўленчае мастацтва”, кіраўніком Студыі ваенных мастакоў.

Цырымонія ўзнагароджання прайшла напярэдадні трагічнай векапомнай даты ў рэспубліканскім Палацы культуры ветэранаў у сталіцы. Старшыня рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Іван Аркадзьевіч Гардзейчык звярнуў увагу, што выбраць лепшых з лепшых было няпроста:

“Удзельнікі конкурса – сапраўдныя патрыёты роднай зямлі, маюць харошы мастацкі густ, які і прадэманстравалі ў сваіх работах. Нам, безумоўна, прыемна, што дзеці памятаюць пра падзеі вайны. Вельмі важна, каб гісторыя не паўтаралася, але і забывацца пра подзвіг савецкіх салдат, якія паклалі жыццё на алтар будучага сваіх дзяцей, унукаў і ўсіх людзей Зямлі, нельга”.

А вось удзельнікаў абласнога этапу запрасілі на ўрачыстасць у Партызанскі лагер у Станькава, што ў Дзяржынскім раёне. Дыпломы і памятныя прызы дзецям уручыў старшыня Мінскай абласной арганізацыі ветэранаў Казімір Браніслававіч Чарапкоўскі. Вітаючы пераможцаў, ён падкрэсліў:

“Я не прафесійны мастак. Але, калі мы праглядалі малюнкі, часам сэрца сціскалася ад болю. Вельмі нечаканым стала тое, што нават 5-гадовыя дзеці так глыбока мысляць”.

Пасля ўрачыстай часткі гасцям свята падарылі свае музычныя нумары юныя артысты. Напрыканцы мерапрыемства ўсе жадаючыя маглі прагуляцца па партызанскім лагеры, а пасля частавання наведаць славуты заапарк.

Як адзначыла старшыня Валожынскай раённай ветэранскай арганізацыі Т. Ф. Ціганіна, гэта вельмі вялікая справа, што дзеці Валожыншчыны патрапілі ў фінал.

“Для нас, ветэранаў, вельмі важна пераемнасць пакаленняў, – сказала Таццяна Фёдараўна. – Выхаванне ў моладзі ўважлівых адносін да памяці пра Вялікую Айчынную вайну, гераічных подзвігаў у імя Радзімы сёння як ніколі актуальна. Дзеці выкладвалі на ліст паперы свой стан душы і сваё прадстаўленне пра тыя жахлівыя падзеі, прапускалі праз сябе ўсю горыч і боль, што перажывалі людзі перад тварам смерці. Нягледзячы на ўзрост, у малюнках адлюстравана вялікае пачуццё дабрыні, разумення і спагады. Хочацца выказаць словы ўдзячнасці выкладчыку школы мастацтваў Вользе Мікалеўне Прыёмка – педагогу-творцу, якая змагла раскрыць юныя таленты, каб яны так пранікнёна і глыбока паказалі любоў да Бацькаўшчыны, да продкаў, да тых, хто ахвяраваў сабой у імя жыцця будучых пакаленняў. Вялікая заслуга ў гэтым і бацькоў, якія выхоўваюць сваіх дзяцей сапраўднымі патрыётамі Беларусі”.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота раённай ветэранскай арганізацыі