Пакупаемся? Так! Але…

Безопасность и здоровье

У сувязі з анамальна цёплым надвор’ем і павелічэннем колькасці няшчасных выпадкаў на вадзе раённая арганізацыя ТВВОД чарговы раз нагадвае:

асноўнымі прычынамі патаплення застаюцца парушэнні элементарных правілаў бяспекі – купанне ў стане алкагольнага ап’янення, купанне ў забароненых месцах вадаёмаў, грэбаванне бяспекай і інш.

Лета – тая пара, калі асаблівую ўвагу дарослыя павінны ўдзяляць дзецям. Да бяды досыць нейкіх імгненняў. І гэта адносіцца не толькі да адпачынку каля рэк і азёр. Любы вадаём-копанка, басейн на дачы, не закрыты дзверцамі з надзейным замком калодзеж, нават проста любая ёмістасць, запоўненая невялікай колькасцю вады, у роўнай ступені ўяўляюць небяспеку для малышоў.

Таму дзеці павінны быць пад пастаянным кантролем, а купацца – выключна пад наглядам дарослых.

Межы абазначаюцца паплаўковай агароджай, жэрдкамі і іншымі спадручнымі сродкамі. Дарослым варта пастаянна сачыць, каб дзеці не арганізоўвалі ў вадзе гульні, звязаныя з ныраннем і захопам, не свавольнічалі з вадой.

Пастаянна нагадвайце дзецям пра недапушчальнасць гульняў на берагах вадаёмаў і купання без нагляду дарослых, у начны час, выкарыстання разнастайных трамплінаў для нырання і «тарзанак».

Падчас турыстычных паходаў, экскурсій, прагулак, выездаў сям’і ці кампаніі на прыроду, туды, дзе няма абсталяваных пляжаў, для купання выбіраецца неглыбокае месца са спадзістым дном, дзе няма сваяў, карчакоў, вострых камянёў, багавіння, глею і іншых бачных прыкмет магчымага негатыўнага ўздзеяння на здароўе дзяцей. Абследаваць месцы купання трэба дарослым, якія ўмеюць добра плаваць і ныраць, ведаюць прыёмы выратавання і аказання першай дапамогі.

Не купайцеся самі і не дазваляйце дзецям купацца там, дзе ёсць знак «Купацца забаронена!» або ў патэнцыяльна небяспечных месцах.

Не дазваляйце малым плаваць на дошках, ляжаках, бярвёнах, аўтакамерах, надзіманых матрацах. Нягледзячы на ўяўную бяспеку апошніх, першапачатковае іх прызначэнне – адпачынак і сон на цвёрдай паверхні. З асаблівай асцярожнасцю і павышанай увагай дазваляйце малышам карыстацца разнастайнымі надзіманымі аксэсуарамі – коламі, камізэлькамі, наплечнікамі, нарукаўнікамі і г.д. Парадокс у тым, што яны ствараюць ілюзію бяспекі дзіцяці на вадзе.

Выкананне гэтых простых правілаў дапаможа пазбегнуць трагедый на вадзе.

Івн СУХАДОЛЕЦ,

старшыня райарганізацыі ТВВОД