Адпачынак на вадзе

Безопасность и здоровье Общество

Выдатна адпачыць летам, асабліва ў гарачае надвор’е на беразе рэчкі ці возера, але кожны год на вадаёмах гінуць людзі. Часцей за ўсё гэта адбываецца падчас купання, асабліва ў тых месцах, якія для гэтага не прызначаны. Каб не здарылася бяды, важна выконваць адпаведныя правілы. Што ведаюць пра бяспеку на вадзе, мы вырашылі запытацца ў валожынцаў.

Дзмітрый АРЦЮКЕВІЧ, навучэнец 2-а курса Валожынскага сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя

– Плаваць навучыўся гадоў пяць таму. Добра ведаю і заўсёды прытрымліваюся правіл бяспекі на вадзе. Разам з сябрамі адпачываем у спецыяльна адведзеных і абсталяваных для гэтага месцах: на Валожынскім і Сакаўшчынскім вадасховішчах, “Жоўтым беразе”. У халодную пару года люблю наведваць басейн у фізкультурна-аздараўленчым комплексе. Ведаю правілы выратавання, пры неабходнасці магу аказаць першую дапамогу. Дарэчы, гэта ўменне мне аднойчы ўжо спатрэбілася: малады мужчына няўдала нырнуў, моцна стукнуўся грудзьмі аб ваду і страціў прытомнасць. Мы з сябрам не разгубіліся, выцягнулі яго на бераг і зрабілі ўсё неабходнае.

Вольга РАДЫНА, кіраўнік гуртка дзённага знаходжання для інвалідаў

– Пытанне бяспекі на вадзе для мяне вельмі актуальнае, бо выхоўваю маленькую дачушку. Пачну з таго, што перад выхадам з дому ў сонечнае надвор’е абавязкова выкарыстоўваю і для сябе, і для дзіцяці сонцаахоўны крэм, надзяваю галаўныя ўборы. Жывём мы ва ўласным доме, летам у двары абавязкова ўсталёўваем надзіманы басейн. Танюша вельмі любіць папесціцца вечарам у цёплай вадзе. Зразумела, што дзяўчынка ў гэты час абавязкова знаходзіцца пад маім наглядам. Яе таксама вучу, што без дарослых падыходзіць, а тым больш залазіць у басейн нельга. Сама я да вады раўнадушная, таму на рэчцы, вадасховішчах бываю ведьмі рэдка.

Анатолій ФЕСЮН, электрык будаўнічай арганізацыі г. Мінска

– Выконваць правілы бяспекі на вадзе вельмі важна. Ад гэтага залежыць здароўе, а часам – і жыццё чалавека. Калісьці мне давялося працаваць выратавальнікам на Валожынскім вадасховішчы ад раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах. Тады пабачыў шмат выпадкаў людскога глупства і бестурботнасці. Дарослыя мужчыны і жанчыны ў стане алкагольнага ап’янення спрабуюць лезці ў ваду, плаваць. Падлеткі і маладыя людзі не заўсёды прытрымліваюцца правіла не заплываць за буйкі, падчас гульняў у вадзе хапаюць адзін аднаго за рукі і ногі, вырабляюць розныя піруэты. Бацькі часам пакідаюць малых дзяцей без нагляду. Зразумела, што ўсё гэта ў адну хвіліну можа прывесці да бяды, і работа выратавальніка – не дапусціць такога.

Святлана РАХМАНЬКО, настаўнік біялогіі і геаграфіі Дорскага вучэбна-педагагічнага комплексу

– Свежае паветра і вада з’яўляюцца выдатнымі загартоўваючымі фактарамі, і летнія канікулы – цудоўны час для адпачынку на прыродзе. Як настаўнік, я стараюся прывіць сваім выхаванцам правілы бяспечных паводзін, у тым ліку – і на вадзе. Вельмі важны ў гэтым пытанні прыклад бацькоў, іх кантроль за тым, дзе знаходзяцца дзеці, чым займаюцца. Сама я плаваю нядрэнна, але на адкрытых вадаёмах амаль не бываю, У свой час давялося адпачываць на Северным і Балтыйскім морах, дзе таксама абавязкова прытрымлівалася такіх простых і ў той жа час важных правіл. Добра разумею, што толькі асабістая асцярожнасць, абачлівасць і адказнасць могуць засцерагчы ад бяды.

 

Сяргей ПАШКОЎСКІ, вучань 9 класа сярэдняй школы № 1 г. Валожына

– Пра бяспеку на вадзе нам шмат расказваюць у школе. Гэта і настаўнікі, і прадстаўнікі раённых пярвічных арганізацый таварыства выратавання на водах, аддзела па надзвычайных сітуацыях. Не пакідаюць без увагі гэта пытанне і мае бацькі. Я заўсёды прытрымліваюся іх рэкамендацый. Цяпер стаіць гарачае надвор’е, і мы сям’ёй часта адпачываем на Сакаўшчынскім вадасховішчы ці “Жоўтым беразе”, ніколі не наведваемся на месцы, не адведзеныя для купання. Бацька добра плавае, навучыў гэтаму і нас з братам, таму адчуваю сябе ў вадзе бяспечна, але добра разумею, што ніякія свавольствы тут недапушчальныя.

Гутарыла

Анжэла РАДЫНА