ДРОВЫ ЛЯГЧЭЙ КУПІЦЬ У МАЛАДЗЕЧНЕ. ЧАМУ?

Культура

Добры дзень, паважаная рэдакцыя! Вельмі б хацелася з вашай дапамогай праясніць сітуацыю наконт забеспячэння насельніцтва дровамі.

Мне, напрыклад, падаўся незразумелым адказ галоўнага ляснічага ДВЛГУ “Валожынскі вопытны лясгас” А. М. Садоўскага на запыт М. У. Шастак у газеце ад 04.10.2011года.

Ці можна атрымаць канкрэтныя адказы на наступныя мае пытанні.

Атрымліваецца, па словах А. М. Садоўскага, нам цяпер прыйдзецца шукаць свой транспарт, каб прывезці дровы. Прабачце, але як гэта зрабіць? Калі ў лясніцтве няма грошай (!), каб купіць трактар, то адкуль тады яны ў пенсіянера альбо вясковага чалавека?!

Алег Мечыслававіч раіць звяртацца ў “Мінаблпаліва”. І там чарга расцягнулася таксама. Што ж нам, каб атрымаць паліва ў наступным годзе, трэба цяпер пачынаць запісвацца, ці як?

Вядома, калі ў каго ёсць магчымасць самастойна нарыхтаваць дровы, то гэта прасцей. Але ці павінна так быць? У нашым лесе, напрыклад, пасля такіх самастойных нарыхтовак і ногі, прабачце, зламаць можна. Кожны павінен займацца і адказваць за сваю справу. Алег Мечыслававіч кажа, што ў кожным лясніцтве толькі па 10 чалавек рабочых і па адным трактары, але хіба гэта віна людзей, якім патрэбны дровы?!

Добра наладжана ў раёне забеспячэнне газавымі балонамі. Трэба толькі пазваніць, зрабіць заказ і ў вызначаны дзень даставяць балон з газам. Пахвальна!

Наладжана работа і па вывазе бытавога смецця. Вельмі зручна для людзей.

Дык хіба можна лічыць нармальным, калі ў 21-ым стагоддзі чалавек за грошы не можа набыць дровы, каб элементарна забяспечыць сябе цяплом зімой?! І гэта ў раёне, дзе столькі лесу! Ці лес ёсць толькі на паперы?

Можа, усё ж прыйшоў час вырашыць гэту праблему раз і назаўсёды?!

З павагай – Тамара Уладзіміраўна КАЛЯДА, вёска Дубіна-Юрздыцкая.

P.S. Дарэчы, мая сям’я ўжо некалькі год запар набывае дровы і піламатэрыялы ў суседнім Маладзечанскім раёне. Так прасцей. Раніцай заказаў, вечарам прывязуць. Застаецца толькі заплаціць. Але чаму б мне гэтыя грошы не заплаціць свайму раёну?

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *