Лукашэнка наведвае Свята-Успенскі Жыровіцкі мужчынскі манастыр

Общество

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння наведвае Свята-Успенскі Жыровіцкі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У Свята-Успенскім саборы манастыра знаходзіцца адна з найбольш шануемых хрысціянскіх святынь Беларусі — Жыровіцкі абраз Божай Маці. У мінулым годзе, напярэдадні 550-годдзя аднойдзення гэтага цудатворнага абраза і 500-годдзя з дня заснавання манастыра, комплекс у Жыровічах быў прыведзены ў належны для яго статусу стан.

Кіраўніка дзяржавы ля ўвахода ў сабор прывітаў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. У храме Аляксандр Лукашэнка запаліў свечку ля Жыровіцкага абраза Божай Маці і прыняў удзел у кароткім малебне.

На тэрыторыі манастыра знаходзіцца яшчэ адно святое для праваслаўных хрысціян Беларусі месца — тут пахаваны мітрапаліт Філарэт, які аддаў нямала сіл справе стварэння і адраджэння Жыровіцкага манастыра і духоўнай семінарыі.