Ветфельчар Яўген РАВЯКА можа паставіць дыягназ

Молодежный курьер

У каровы на языку не толькі малако. Ветфельчар Яўген РАВЯКА, напрыклад, паглядзеўшы на язык рагулі, можа паставіць дыягназ. Працуе хлопец у СВК “Пяршаі-2003” з ліпеня бягучага года.

У гаспадарку яго размеркавалі пасля заканчэння Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. За кароткі тэрмін адказны і кампетэнтны выпускнік зарэкамендаваў сябе выдатным спецыялістам.

Стаць ветэрынарам Яўген Равяка марыў з дзяцінства. У школе з захапленнем вывучаў біялогію. Каледж скончыў амаль на выдатна. Родам ён з вёскі Бурбаўшчына Пяршайскага сельсавета, таму працаваць у родных краях яму асабліва прыемна.

Вырасшы ў шматдзетнай сям’і, ён з дзяцінства прывучаны да нялёгкай сялянскай працы. Прыклад нястомнай працавітасці бярэ са сваіх бацькоў – заслужаных калгаснікаў.

80 цялят і 720 кароў – такі груз адказнасці ляжыць на плячах дваццацітрохгадовага спецыяліста. З пяці да дзесяці гадзін раніцы Яўген на ферме. Перапынак, і з шасці да дзевяці вечара ён зноў робіць агляд сваіх гадаванцаў. Вакцынацыя, лячэбная дапамога хворай жывёле, родадапаможныя мерапрыемствы – асноўныя абавязкі маладога спецыяліста.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота Сяргея САДОЎСКАГА.

 



Добавить комментарий