Міністэрства аховы здароўя разлічвае атрымаць вакцыну «Спадарожнік Лайт» у ліпені

COVID-19

Вакцына «Спадарожнік Лайт» павінна паступіць у Беларусь у ліпені, заявіў журналістам міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Мы зрабілі заяўку на вакцыну «Спадарожнік Лайт». У ліпені плануем яе атрымаць. І да навучальнага года хацелі б ахапіць у тым ліку наша студэнцтва гэтай вакцынай, каб паэтапна вакцынаваць тую катэгорыю насельніцтва, якая пераносіць найбольш лёгка, але можа з’яўляцца крыніцай заражэння для іншых», — сказаў Дзмітрый Піневіч.

На сёння ў краіне ў асноўным прымяняецца вакцына «Спадарожнік V». Паводле слоў міністра, у рэгіёнах яе дастаткова. «Мы ў штодзённым фармаце ўзаемадзейнічаем з усімі рэгіёнамі. Ліст чакання і наяўнасць вакцын у запасе фактычна ідэнтычныя», — сказаў ён.

Пасля таго як будуць вакцынаваны найбольш успрымальныя катэгорыі насельніцтва, «мы пяройдзем да вакцынацыі больш шырока», адзначыў Дзмітрый Піневіч. Зрэшты, ужо цяпер у Мінску ў вялікіх гандлёвых сетках і забаўляльных цэнтрах працуюць пункты вакцынацыі. Тут могуць прышчапіцца не толькі мінчане, але і жыхары іншых населеных пунктаў. Алгарытм перадачы даных аб вакцынаваных у іншыя рэгіёны наладжаны. Чакаецца, што такія прышчэпачныя пункты будуць разгорнуты і ў іншых гарадах.

Міжнародныя даследаванні паказваюць, што любая вакцына, якая дапушчана рэгулятарнымі органамі, СААЗ, эфектыўная адносна розных штамаў. Гэта пацвярджаюць, у прыватнасці, брытанскія даследчыкі. «Гэта значыць любая вакцына гарантуе калі не татальнае незаражэнне, то аблягчэнне сітуацыі, калі чалавек захварэў», — сказаў Дзмітрый Піневіч.

Што датычыцца сітуацыі з індыйскім штамам, які выяўлены ў Мінску, міністр упэўнены, што нічога звышнатуральнага ў гэтым няма. Як і ў тым, што некалькі месяцаў таму ў Беларусь прыйшоў брытанскі штам. «Мы ў пэўнай ступені чакаем магчымы рост захваральнасці, але не думаю, што ён будзе значным, тым больш што пытанне значнасці росту захваральнасці заключаецца ў тым, гатова сістэма аховы здароўя ці не гатова. Мы трымаем у гатоўнасці ложкавы фонд да прыёму пацыентаў», — сказаў міністр.