Размова – толькі адкрытая

Важное Общество

Маладыя спецыялісты Валожынскай цэнтральнай раённай бальніцы. Урач псіхіятр-нарколаг, псіхатэрапеўт Хрысціна ПАДБЯРОЗКІНА, фельчар Наталля ГУЛІС, калега Х. Падбярозкінай Вераніка ПЯСЕЦКАЯ і медыцынская сястра Марыя СТАСЯЛОВІЧ.

Фармат адкрытага дыялога выбралі арганізатары сустрэчы прадстаўнікоў раённай улады з маладымі спецыялістамі сацыяльнай сферы. На мерапрыемства ў райвыканкам прыбылі трынаццаць дзяўчат і адзін юнак. Кожны з іх першы ці другі год працуе ў райбальніцы, фізкультурна-аздаўленчым цэнтры, школе, дзіцячым садзе, дзіцячай школе мастацтваў Валожыншчыны.

Моладзь віталі намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шакун, начальнік і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ірына Жданюк і Ганна Канановіч.

Запрошаным далі магчымасць выказацца адносна ўмоў працы, зарплаты, пражывання, падзяліцца праблемамі, выступіць з прапановамі, задаць пытанні.

Як высветлілася, у асноўным маладыя спецыялісты рабочымі месцамі і адносінамі з адміністрацыяй задаволены. Відавочна, што іх матулям і татам адносна таго, як адчуваюць сябе на працоўных месцах іх дзеці, можна спаць спакойна. Напрыклад, Іна Шчасноўская (выхавальнік д/с №2 “Вясёлка”), Паліна Янкоўская (інструктар-метадыст ФАЦ  Валожынскага раёна), Інэса Саевіч (настаўнік англійскай мовы СШ №2), Ганна Шарамет (выкладчык Гародзькаўскай ДШМ), як і іншыя іх калегі, у бліжэйшай будучыні не плануюць пакідаць свае ўстановы нават калі тэрмін адпрацоўкі скончыцца. Пазітыўна настроеныя юныя госці дзяржустановы запэўнілі: ні ў адным з калектываў новае папаўненне не крыўдзяць залішняй нагрузкай, абавязковыя для маладых спецыялістаў надбаўкі спраўна выплачваюцца. Канешне, як адзначалі многія, хацелася б, каб былі большымі кампенсацыі за кватэры, што даводзіцца здымаць, ці прадастаўлены месцы ў інтэрнатах, як, напрыклад, у медыкаў.

Прагучала нараканне і на адсутнасць у горадзе ўстановы, дзе б у вольны час можна было культурна адпачыць. Цікавіліся і пра тое, ці запланавана ў райцэнтры будаўніцтва парка. Настаўніца Ганна Паўлюкевіч заклапочана нагрузкай на школу, дзе працуе (СШ №1). Урач псіхіятр-нарколаг, псіхатэрапеўт Хрысціна Падбярозкіна выказала пажаданне, каб кіраўнікі арганізацый дапамагалі  сваім работнікам своечасова трапляць на прыём да нарколага. Хоць апошнім часам колькасць пастаўленых на ўлік і знізілася, гэта клопат, у якім нельга дапускаць перапынкаў.

Ігар Уладзіміравіч і Ірына Леапольдаўна адказвалі на пытанні, што знаходзяцца ў іх кампетэнцыі, некаторыя бралі на кантроль. У прыватнасці, адзначалася: у бліжэйшы час будаўніцтва парка не запланавана, аднак азеляненне горада будзе працягвацца. Прагучаў і аптымістычны прагноз адносна маладзёжнага кафэ, што ля гарадскога возера. Што тычыцца змяншэння нагрузкі на СШ №1, якая сапраўды вырасла ў разы пасля таго, як стаў разрастацца новы мікрараён за магазінам “Еўраопт” (у хуткім часе тут вырастуць яшчэ тры дамы на 40, 50 і 60 кватэр). Добры варыянт – падвоз да СШ № 2,  дзе новым вучням былі б рады, аднак бацькі не вельмі ахвотна рэагуць на такую перспектыву. Намеснік старшыні запэўніў: гэта пытанне так ці інакш вырашыцца. Што тычыцца некаторых унутраных для асобных арганізацый пытанняў, моладзі параілі не саромецца звяртацца да кіраўніка і прафсаюзнага лідара.

Ганна Канановіч патлумачыла маладым людзям пра магчымасць атрымання крэдыта на льготных умовах (усяго пад 3%), які б можна было скарыстаць на набыццё неабходных рэчаў (электратавары, мэбля, посуд, нават адзенне і іншае). Таксама Ганна Міхайлаўна запрасіла прысутных прымаць актыўны ўдзел у грамадскай рабоце – разам планаваць і рэалізоўваць цікавыя маладзёжныя праекты.

 Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара