Маладыя сем’і нацэлены на перспектыву

Важное Общество

Плённа папрацавалі ўдзельнікі дыялогавай пляцоўкі “Маладая сям’я – крышталь грамадства!”, якая прайшла на базе аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

На сустрэчу з прадстаўнікамі ўлады раёна завіталі больш за дзесяць маладых сем’яў. Найбольш хвалявала іх жыллёвае пытанне. Тлумачэнні далі намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Протас, які курыруе пытанні будаўніцтва, загадчык сектара жыллёва-камунальнай гаспадаркі Таццяна Занямонец і дырэктар ЦБП № 605 філіяла № 500 Мінскага ўпраўлення ААТ “ААБ Беларусбанк” Сяргей Патапчук. Сяргей Паўлавіч даступна расказаў моладзі пра ўсе магчымыя віды фінансавай дапамогі ад дзяржавы: варыянты крэдытавання, сістэму назапашвання і інш.

Пра сацыяльныя гарантыі маладым сем’ям паведаміла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Святлана Ракавец. Намеснік старшыні райвыканкама Вольга Багатырова закранула тэму працаўладкавання. Яна паведаміла, што на сённяшні дзень запатрабаваны работнікі на новае прадпрыемства па вытворчасці веганскай прадукцыі ў Ракаве, з 1 ліпеня пачне працаваць кандытарская фабрыка “Слодыч” у г. п. Івянец, ёсць адкрытыя вакансіі і на прадпрыемствах райцэнтра.

Вельмі актуальнай для маладых сем’яў з’яўляецца праблема правядзеня вольнага часу. Было ўнесена шмат прапаноў па арганізацыі адпачынку дзяцей. Матулі прасілі павялічыць разнастайнасць гурткоў, асабліва для дзяўчынак, а самае галоўнае – пабудаваць дзіцячую пляцоўку з даступнымі сучаснымі атракцыёнамі. Намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шакун узяў гэта пытанне на кантроль.

Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіна Рай падзялілася вопытам удзелу ў конкурсе дваровых ініцыятыў, дзякуючы якому ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу з’явілася невялікая пляцоўка для малых.

У выніку абмеркавання было вырашана стварыць у сацыяльных сетках супольнасць аднадумцаў, куды першымі ўвойдуць удзельнікі дыялогавай пляцоўкі. Там можна будзе ўносіць свае прапановы, сумесна абмяркоўваць цікавыя ідэі, а кіраўніцтва раёна будзе адсочваць інфармацыю і па меры магчымасці рэалізоўваць.

Анжэла РАДЫНА