Свята жартаў у Дубіне

Без рубрики Культура Общество

Допуск на свята атрымаў малады спецыяліст ААТ “Агра-Дубінское” Аляксей БАГУСЛАЎСКІ.

У выдатны сонечны суботні дзянёк вёска Дубіна ў чарговы раз сустракала прыхільнікаў гумару. Тут праходзіла дзясятае раённае свята “Дубінскія жартачкі”.

Кожнаму, хто завітаў на мерапрыемства, трэба было атрымаць допуск: прайсці тры кабінеты “медыцынскага агляду”, дзе працавалі спецыялісты-гумарысты – дактары Спартайкін, Паспявайкін і Адгадайкін. Падчас іспытаў усе дэманстравалі спрыт і хуткасць, адгадвалі загадкі, спявалі прыпеўкі і ў выніку зарабілі накіраванне ў рэгістратуру, дзе атрымалі эмблему фестывалю і пячатку на руку “Дубінскія жартачкі”, а значыць, магчымасць “танчыць, песні пець, смяяцца і пры гэтым не баяцца называцца дубінцом – ганаровым удальцом”.

Уладзімір ЛІПСКІ праходзіць “медыцынскі агляд”.

Па традыцыі на свята жартаў завітаў славуты беларускі пісьменнік, старшыня журы Рэспубліканскага свята гумару ў Аўцюках Уладзімір Ліпскі. Ён заўважыў, што ўжо з першага фестывалю палюбіў прыгожых, аптымістычных, добрых і шчодрых дубінцоў. Пажадаў ім і надалей заставаца такімі, трымацца смеху, жартаў.

Добрыя словы жыхарам вёскі і гасцям мерапрыемства выказалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Жданюк, дырэктар ААТ “Агра-Дубінское” Генадзь Каспяровіч, старшыня Валожынскага сельвыканкама Віктар Комель і інш.

«Дубінскія фанабэры” паказваюць гумарыстычную мініяцюру.
Спявае музычна-гумарыстычны гурт “Будзьма” з Чэрвеня.

Выступае гурт “Тары-бары” з Маладзечна.

Бурнымі апладысментамі гледачы сустракалі выступленне народнага гурта народнага гумару “Дубінскія фанабэры”, якія паказалі мініяцюру “Дубінскі кірмаш”. Да спадобы ўсім прыйшліся музычныя і жартоўныя нумары гасцей з Чэрвеня, Маладзечна, Вілейскага раёна – гуртоў “Будзьма”, “Тары-бары”, “Смехата” Ільянскага дома культуры. Яны перамяжоўваліся з хвілінкамі-адпачынкамі, падчас якіх работнікі сельскіх устаноў культуры раёна праводзілі песенныя і танцавальныя конкурсы з гледачамі.

Ва ўрачыстай абстаноўцы адбылося ўшанаванне юбіляраў. Віктар Комель запрасіў на сцэну і ўручыў падарункі самым старэйшым жыхарам Дубіны Надзеі Мучынскай і Алене Мучынскай, а таксама самым юным – Цімуру Якубчыку і Дзмітрыю Рындзевічу. Віншаванні з нагоды 80-годдзя прымала Софія Сянько. 70-ы дзень нараджэння сёлета сустрэла Зінаіда Пашкоўская, 65-ы – Алена Вяршыцкая, 60-ы – Аляксандр Высоцкі і Пётр Мучынскі. Таксама старшынёй сельвыканкама былі адзначаны і больш маладыя юбіляры.

З 20-годдзем сумеснага жыцця Віктар КОМЕЛЬ павіншаваў Дзяніса і Алёну ІШЧАНКАЎ, Дзмітрыя і Наталлю ЦІХАНОВІЧАЎ.

Асабліва цёпла прысутныя сустракалі сямейныя пары. Дыплом 50-й ступені “Залатое вяселле” “за трываласць і гармонію адносін, правераных часам”, атрымала сям’я Міхаіла і Зінаіды Пашкоўскіх. Дыпломы 20-й ступені “Фарфоравае вяселле” за “выдатнае засваенне навукі складання і множання ўзаемнага шчасця, уменне цаніць кожны дзень, праведзены разам, умелае кіраванне караблём кахання ў сямейным жыцці” і, зразумела, падарункі атрымалі Дзяніс і Алёна Ішчанкі, Дзмітрый і Наталля Ціхановічы. Не абышлося тут і без  агульнага вокліча “Горка маладым!

Генадзій КАСПЯРОВІЧ уручае грашовую прэмію трактарысту-машыністу Івану ШЫШКІНУ.

Шчырыя, цёплыя словы павагі і падзякі прагучалі ў адрас работнікаў ААТ “Агра-Дубінское”, праца якіх з’яўляецца прыкладам для іншых. Кіраўнік сельгаспрадпрыемства ўзнагародзіў грашовымі прэміямі 37 лепшых прадстаўнікоў гаспадаркі, што былі задзейнічаны на вяснова-палявых работах, нарыхтоўцы кармоў і ў рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання. 18 чалавек атрымалі грашовае заахвочванне за добрыя адносіны да працы, выкананне працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны ў галіне жывёлагадоўлі. 9 работнікаў прэміраваны за аператыўны рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі ў выхадны дзень 20 чэрвеня.

Затым для ўсіх узнагароджаных, гасцей і жыхароў Дубіны спяваў народны гурт народнай песні “Сваякі”. На заканчэнне “Дубінскія фанабэры” прапанавалі ўвазе прысутных мініяцюру “За дождж”.

Галоўны прыз бяспройгрышнай латарэі дастаўся Юліі КРАМЯНЕЦКАЙ. Было дзе пазабавіцца маленькім жыхарам і гасцям свята.
Было дзе пазабавіцца маленькім жыхарам і гасцям свята.

На працягу дня працавалі выставы Сакаўшчынскага, Падбярэзскага, Багданаўскага сельскіх цэнтраў культуры, Дорскага, Пугачоўскага, Вішнеўскага дамоў культуры, народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца”, а таксама бяспройгрышная латарэя, атракцыёны, гандлёвыя кропкі.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара