ДАЖЫНКІ НА ЎЛАСНЫМ АГАРОДЗЕ…

Общество

З цікавасцю глядзеў па тэлевізары, як працаўнікі вёскі святкавалі сваё галоўнае гадавое свята – “Дажынкі”. Безумоўна, ім ёсць чаму радавацца, чым ганарыцца. Сёлета яны адпрацавалі выдатна, за што ім вялікае дзякуй.

Радуючыся поспехам аграрыяў краіны захацелася падвесці вынікі сваёй працы на ўласным агародзе. Разумею, што многім чытачам газеты гэта не цікава, але вясковыя жыхары і тыя, у каго ёсць каля хаты агарод, ці дача ў вёсцы мае разважанні прачытаюць, таму што ўсе нашы агароды звязваюць не толькі агароджы-парканы, а найперш адны і тыя ж праблемы, аб якіх я і буду распавядаць.

Памеры нашага з жонкай прысядзібнага ўчастка складаюць 17 сотак. Бульбу вырочшваем штогод на васьмі сотках. Дзве соткі займаюць буракі, морква, капуста, парнікі з памідорамі, агуркамі, невялікая градка садовых суніц, кусты парэчак і агрэсту. Ураджай штогод амаль аднолькавы, хапае і нам і гарадской сям’і сына, за выключэннем бульбы. Тут як паспрыяе надвор’е. Сёлета мы накапалі прыкладна 600 кг бульбы. Пахваліцца такім ураджаем нельга: трэба 240-280 кг захаваць да вясны для пасадкі, 40-50 кг непрыгодны для ежы (бульба вельмі дробная). Мусілі купіць яшчэ 80 кг за 120 тысяч рублёў. І вось цяпер час падлічыць затраты. Каб апрацаваць 10 сотак агарода мы заплацілі 230 тысяч рублёў. Маглі б затраціць яшчэ больш, але пашкадавалі грошай і не праводзілі баранаванне ўчастка пасля таго, як выкапалі бульбу. 80 тысяч рублёў заплацілі за ўгнаенне і хімікаты. І тут сэканомілі – амаль напалову менш нормы ўнеслі ўгнаення. Такім чынам, за патрачаныя 310 тысяч рублёў сёння можна было б купіць 200 кілаграмаў бульбы і не працаваць усё лета ў агародзе, і быць свабодным ад праблем з апрацоўкай зямлі. А праблем хапае.

Амаль увесь красавік хваляваліся з-за таго, што не было ў крамах комплекснага мінеральнага ўгнаення. Яно з’явілася ў продажы ў Івянцы толькі ў канцы другой дэкады красавіка. Потым зноў хваляванні: узараць агарод, пабаранаваць, правесці міжрадковую апрацоўку бульбы. Гаспадароў, якія трымаюць у Івянцы коней, можна пералічыць па пальцах адной рукі. На некаторых прадпрыемствах ёсць магчымасць трымаць аднаго каня (і не болей). Сваім супрацоўнікам адміністрацыя такіх прадпрыемстваў аказвае дапамогу з апрацоўкай зямлі, а вось пенсіянеры выкручваюцца з гэтай сітуацыі хто як можа.

Як на 8-10 сотках можна рабіць севазварот? Дзе ўзяць арганічныя ўгнаенні? Колькі б поту ты не праліваў, усё роўна высокага ўраджаю на сваіх сотках без арганікі не збярэш.

У вёсках з гэтымі праблемамі сяляне спраўляюцца лягчэй – дапамагаюць гаспадаркі, а вось у гарпасёлку ніякіх паслуг людзям у апрацоўцы агародаў ніхто не аказвае. Мясцовая ўлада не можа (ці не хоча) утварыць, арганізаваць адпаведную структуру пры мясцовай ЖКГ ці самастойнае КУП. Прыклады дзейнасці ў Беларусі КУПаў ужо ёсць. Аднак нашы чыноўнікі ініцыятыву не хочуць праяўляць, лішнія клопаты ім, напэўна, непатрэбны. Калі КУПы непасільная і складаная задача для мясцовай улады, можна было б загітаваць мясцовых гаспадароў, якія трымаюць коней, аб’яднацца ў кааператыў. І мясцовы бюджэт нейкі прыбытак меў бы ў выглядзе падатку з гэтага кааператыва, а так мае сёлетнія 230 тысяч рублёў папоўнілі мясцовую “ценявую” эканоміку.

На жаль, сёння маладыя хлопцы, якія застаюцца працаваць на івянецкіх прадпрыемствах, не хочуць купляць і гадаваць коней, працаваць з імі на зямлі. Сёння ў іх іншае жаданне: купіць легкавы аўтамабіль. І ў сваім жаданні яны часцей разлічваюць не на свае заробкі, а на бацькоўскія зберажэнні. А чаму б маладому хлопцу не купіць каня, а то і двух, зарэгістравацца прадпрымальнікам і зарабляць грошы, зарабляць больш, чым на мясцовым заводзе ці фабрыцы. Праз колькі гадоў змог бы купіць трактар, а ўжо потым і аўтамабіль.

Мяркую, што рана спісалі коней на прадпрыемствах. Многія віды гаспадарчых работ можна было б выконваць на конях – абыходзілася б танней, эканомней. І сваім работнікам вялікую дапамогу аказвалі б у апрацоўцы зямлі. Сёння не мне аднаму часта даводзіцца бачыць, як на прычэпе трактар вязе груз вагой у 100 кілаграмаў. Не па-гаспадарску гэта!

Мне могуць запярэчыць, што ёсць жа розная тэхніка: і міні-трактары, і мотаблокі, і мотакультыватары, якія зроблены менавіта для работы на прысядзібных участках. Гэта так, але ж цэны на ўсю гэту тэхніку вельмі “кусаюцца”, яна недаступна не толькі пенсіянерам, але і большасці працуючых сялян. Аб гэтым сведчыць той факт, што такой тэхнікі на грамадскіх падворках вельмі і вельмі мала. Новых міні-трактароў у Івянцы я ўвогуле не бачыў. Масавая малая механізацыя на прысядзібныя ўчасткі прыйдзе не хутка, сённяшнія пенсіянеры яе не дачакаюцца!

Дык няўжо праз колькі гадоў, калі знікнуць апошнія коні ў Івянцы, нашы агароды зарастуць пустазеллем? Каб не дапусціць такіх наступстваў, я ўсё больш і больш месца адводжу пад кусты парэчак, агрэсту. І пакуль рукі будуць трымаць рыдлёўку, зямелька-карміцелька наша будзе яшчэ радаваць нас сваімі дарамі.

Міхаіл СПІРЫДОВІЧ, пенсіянер з Івянца.

 



Добавить комментарий