Галоўчанка: праект «Поезд Перамогі» дапамагае захоўваць памяць аб перажытым народам у гады вайны

76 лет Великой Победе! Культура Общество

Праект «Поезд Перамогі» дапамагае захоўваць памяць аб перажытым народам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Аб гэтым заявіў сёння журналістам прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сёння Раман Галоўчанка азнаёміўся з перасовачным музеем «Поезд Перамогі».

«Каманда, якая стварала гэту экспазіцыю, правяла велізарную, важную і патрэбную работу. Сучаснымі метадамі візуалізацыі ствараецца адчуванне прысутнасці. Думаю, што гэты поезд можна насычаць іншымі эпізодамі, напрыклад прысвечанымі партызанскаму руху», — сказаў ён.

Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што такія экспазіцыі асабліва важна наведваць моладзі. «Наша пакаленне яшчэ актыўна размаўляла з ветэранамі, яны даносілі да нас свае ўспаміны. Сучаснае пакаленне гэтай магчымасці не мае. Таму такія мастацкія сродкі — эфектыўны і хуткі шлях для захавання памяці аб тым, з чым давялося сутыкнуцца нашаму народу», — адзначыў ён.

«Поезд Перамогі» — гэта маштабны гісторыка-асветны праект, заснаваны ў Расіі камандай творчай майстэрні «Неўскі баталіст» сумесна з медыягрупай «Чырвоны квадрат» пры падтрымцы Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расіі, ААТ «Расійскія чыгункі» і грамадскай арганізацыі «Валанцёры Перамогі» з нагоды святкавання 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і правядзення Года памяці і славы ў Расіі. Ён уяўляе сабой унікальную інтэрактыўную экспазіцыю, заснаваную на эфекце прысутнасці, якая створана на базе вагонаў перасовачнага выставачна-лекцыйнага комплексу. Састаў «Поезда Перамогі» ўключае 12 вагонаў, дзевяць з якіх экспазіцыйныя. Адзін з іх прысвечаны подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці — удзельнікам гераічнай абароны, салдатам і камандзірам Чырвонай Арміі, а таксама жанчынам і дзецям — членам сем’яў ваеннаслужачых, якія прынялі першы ўдар нямецкіх войскаў на сябе.

У нашай краіне праект рэалізуецца Беларускай чыгункай і Расійскімі чыгункамі ў Год народнага адзінства і прымеркаваны да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Ён ажыццяўляецца пры падтрымцы Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі і актыўным садзейнічанні Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра.