Піневіч: матэрыяльна стымуляваць беларусаў да вакцынацыі супраць COVID-19 няма неабходнасці

COVID-19

Матэрыяльна стымуляваць беларусаў вакцынавацца супраць COVID-19 пакуль няма неабходнасці, заявіў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, адказваючы на пытанні журналістаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Пакуль нам, з майго пункту гледжання, зыходзячы з аналізу, які мы праводзім, ніякае стымуляванне для вакцынацыі не патрэбна. У нас кожны разумее (важнасць вакцынавання. — Заўвага БЕЛТА), робіць свой усвядомлены выбар. Такога, што ёсць вакцыны, але няма жадаючых прышчапіцца, у нас няма», — сказаў Дзмітрый Піневіч.

Міністр адзначыў: пункты вакцынацыі былі адкрыты ў гандлёвых цэнтрах з мэтай, каб вакцынавацца магло як мага больш людзей. «У Мінску мы дабіліся таго, што пачалі знікаць чэргі ў паліклініках», — сказаў ён.

Зрэшты, лічыць Дзмітрый Піневіч, прышчэпачныя пункты ў гандлёвых цэнтрах ёсць сэнс адкрываць у вялікіх гарадах. «Ёсць сэнс, калі гэта вялікія гарады. У маленькіх асаблівага сэнсу няма. Напрыклад, гэта могуць быць абласныя цэнтры і гарады паскоранага развіцця — Маладзечна, Баранавічы і інш», — сказаў міністр, нагадаўшы, што цяпер прышчэпачныя пункты адкрыты ў паліклініках, бальніцах і медсанчасцях.

Дзмітрый Піневіч адзначыў, што Беларусь чакае пастаўку вакцыны «Спадарожнік Лайт». «Мы пакуль яе не атрымалі, паколькі вакцына вельмі запатрабавана для вакцынацыі ў Расійскай Федэрацыі. Але мы плануем (у нас ёсць заяўкі) прышчэпліваць арганізаваныя калектывы студэнцкай моладзі перад пачаткам навучальнага года», — адзначыў ён.