Была ў гісторыі Валожына старонка пад назвай “Гімнастыка”

Люди и судьбы Общество Ступені поспеху

Магчыма, зараз ужо не кожны жыхар райцэнтра ўзгадае, што калісьці ў нашым горадзе існавала і паспяхова развівалася сапраўдная школа мастацкай гімнастыкі. А з яе, між іншым, за сем гадоў выйшлі каля трыццаці прадстаўніц прыгожай палавіны чалавецтва, большасць з якіх хоць і не займелі тытулаў, але на ўсё жыццё захавалі шыкоўныя дары спартыўнага дзяцінства – рухавасць і прыгажосць. Юныя валожынкі – аматаркі вытанчанага і складанага віда спорту пад кіраўніцтвам трэнера Наталлі Корабавай – уваходзілі ў склад зборнай Мінскай вобласці і БССР па гімнастыцы, паспяхова выступалі на спаборніцтвах па ўсім Савецкім Саюзе.

Сённяшняя наша гераіня – адна з тых дзяўчынак, каго Наталля Ціханаўна прызнала перспектыўнымі і ўзяла пад сваё крыло.

У 1979 годзе вучаніцы СШ № 1 г. Валожына Наташы Кавяза споўнілася 7 гадоў. Малая літаральна трызніла гімнастыкай і танцамі. Дома, калі заставалася адна, пераўвасаблялася то ў балерыну, то, прыстасаваўшы матулін купальнік (спецыяльнага тады яшчэ не мела), смела выходзіла “на кавёр”, дзе, размахваючы стужкай, прывязанай да прутка, уяўляла сябе алімпійскай чэмпіёнкай. Родныя заўважалі схільнасць дзяўчынкі, але як ёй дапамагчы па-сапраўднаму акунуцца ў чароўны свет, не ведалі. І вось – навіна: са Стаўрапаля прыехала майстар спорту па гімнастыцы і набірае групу. Падчас прагляду дзяўчынка вельмі хвалявалася. Ёй нават падалося, быццам яна не выклікала ў трэнера неабходнага ўражання, і яе не возьмуць. Дома былі слёзы. Але – дзіва: яе прынялі!

Наталля КОРАБАВА з выхаванкамі на трэніроўцы.

І вось настала, доўгачаканае спартыўнае жыццё – незвычайнае, напоўненае гармоніяй і музыкай, цікавымі падзеямі і перамогамі. Але разам з тым адчайна складанае: з болем, траўмамі і поўнай забаронай на словы “Не магу”.

Практыкаванне з мячом у выкананні Наталлі КАВЯЗА.

Умовы для заняткаў спрыяльнымі назваць было цяжка. ДЮСШ размяшчалася ў старым памяшканні з нізкай столлю. Безумоўна, ні пра якія падскокі ці падкідванні прадметаў не магло быць і гутаркі. Таму там адпрацоўвалі расцяжку і гнуткасць, а поўная трэніроўка практыкавання з выкарыстаннем мяча, булаваў, скакалкі і абруча адбывалася ў спартыўнай зале ПТВ № 208.

Расклад занятасці дзяўчынак амаль штодня выглядаў наступным чынам: яшчэ да пачатку ўрокаў імчалі на вуліцу Луначарскага (вучылішча), затым разбягаліся па школах. Пасля хуценька палуднавалі (вельмі лёгка!), рабілі ўрокі (трэнер патрабавала поўнай паспяховасці па ўсіх прадметах) і пад вечар зноў збіраліся ў зале спартыўнай школы, дзе пад акампанемент Ірыны Дунаеўскай працавалі над харэаграфіяй. Дарэчы, Наталля паспявала ўціскаць у свой асабісты расклад і заняткі ў музычнай школе. Менавіта праца з Тэрэзай Пазновіч і Марынай Разумоўскай дазволі ёй развіць так неабходную для яе віда спорту музыкальнасць. Паступова валожынскія гімнасткі пачалі заяўляць пра сябе на абласным узроўні – пайшлі выступленні і медалі.

Пра такіх дзяцей часта гавораць: яны пазбаўлены дзяцінства. Наталля ж не згодна. “Нам было весела, цікава.  Амаль кожны дзень – нейкія прыгоды, шмат паездак. Так, здараліся расчараванні, аднак яны загартоўвалі характар. А якую асалоду адчувалі мы ў момант выступлення, асабліва ўдалага! Самы каштоўны вынік таго вопыту – уменне пераадольваць цяжкасці і, не зважаючы ні на што, імкнуцца да дасягнення пастаўленай мэты”, – без адцення сумнення сцвярджае жанчына, якая дагэтуль захавала шыкоўную, па-сапраўднаму гімнастычную постаць.

За гады работы ў Валожыне прыезджы трэнер здолела падрыхтаваць чатырох кандыдатаў у майстры спорту і двух майстроў спорту. Наталля Кавяза дасягнула ўзроўню кандыдата. Яна была ўдзельніцай зборнай каманды Мінскай вобласці. Аб’ехала з ёй многія гарады Савецкага Саюза і замежжа. Асабліва запомніліся спаборніцтвы ў Мінску, Слуцку, Саратаве, Валгаградзе, Разані, Жукоўскім і ў Брэсце – у той час сталіцы мастацкай гімнастыкі БССР. Менавіта там упершыню сустрэлася з Марынай Лобач, у якой спецыялісты бачылі кандыдата на алімпійскае золата. На зборах у Ераване адбылася яшчэ адна сустрэча. У той час Марына ўжо мела галоўны спартыўны тытул. У архіве валожынскай гімнасткі нават маюцца сумесныя з яшчэ ўзыходзячай зоркай фотаздымкі.

Наталля Пятроўна прызнаецца, што нейкіх выключных даных яна не мела, аднак упартасць, спартыўны азарт і працавітасць дапамаглі развіцца да таго ўзроўню, што быў магчымы. Дапускае: калі б заняткі працягваліся, верагодна, дасягнула б большага. Толькі ўявіце: да майстра спорту ёй не хапіла ўсяго аднаго ўдзелу ў чэмпіянаце. Развіццё гімнастычнага кірунку ў нашым раёне спынілася па  даволі банальнай прычыне – сям’і трэнера не прадаставілі жыллё. У выніку яны з мужам, таксама трэнерам,  адгукнуліся на запрашэнне спартыўнай школы ў Снечкусе (Літва). Удзячныя юныя валожынкі не аднойчы бывалі ў гасцях у жанчыны, што падарыла ім магчымасць адчуць смак перамогі, навучыла рухам, на якія не здольны большасць з нас. Адказны педагог нават прапаноўвала Наталлі Кавяза пажыць у Літве і працягваць спартыўную кар’еру, але і сама дзяўчынка, і яе сям’я палічылі гэта немагчымым. Забіралі Наташу і ў харэаграфічнае вучылішча, але ў той перыяд яе марай ужо стаў інстытут фізкультуры, куды паспяхова паступіла  і праз пяць гадоў не менш паспяхова скончыла. Дарэчы, у час вучобы працягвала ўдзел у спаборнітвах па спартыўнай аэробіцы ў складзе каманды ВНУ.

Шчыры патрыёт Валожына імкнулася працаваць толькі ў родным горадзе. Размеркаванне ў гімназію лічыць яшчэ адной жыццёвай удачай. Дырэктар Тамара Іванаўна Інфаровіч набірала ў сваю каманду толькі самых лепшых, а з лепшых літаральна ляпіла выключных. Таму гады пад яе кіраўніцтвам зараз ужо вопытны педагог Наталля Шыркова ўспамінае з павагай і ўдзячнасцю. Яна шчыра рада, што менавіта ў гімназіі рэалізавала даўнюю мару – змагла знайсці сябе ў прафесіі харэографа. Перавучвацца неабходнасці не было. Усё яе спартыўнае жыццё – сапраўдная школа рухаў, у тым ліку, і ў рытме танца.

Прыгажуня, што па знешнасці мала адрозніваецца ад дачкі Любові (інструктара па фітнесе) ужо амаль 30 гадоў у прафеіі. Мае вышэйшую педагагічную катэгорыю і вялікі вопыт працы ў якасці харэографа ва ўстановах адукацыі і культуры Валожына.

Заўсёды рухавая, усмешлівая, яна не толькі гатова гартаць старонкі гісторыі свайго жыцця і дзяліцца  рэдкімі для жыхароў нашага раёна ўспамінамі, але і смела глядзіць у будучыню. У чым сакрэт маладосці і жыццялюбства? У тым, што філасофскае выказванне Габрыэля Гарсіа Маркеса зрабіла формулай свайго жыцця. Вось яны сакраментальныя словы: “Любі так, быццам табе ніколі не здраджвалі. Працуй так, быццам табе не патрэбны грошы. Танцуй так, быццам цябе ніхто не бачыць. Спявай так, быццам цябе ніхто не чуе. Жыві так, быццам жывеш у раі”.

 

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Фота аўтара і з архіва Наталлі Шырковай