Франтавыя дарогі дзеда Юзіка

2021 - Год народнага адзінства Беларусь помнит, Минщина гордится Люди и судьбы

Праўнучка І. І. Дземідовіча Лізавета ШАПУЦЬКА на свяце ў гонар Дня Перамогі.

Першыя мае веды пра вайну звязаны з успамінамі дзеда-ветэрана Івана Дамінікавіча Грыбоўскага. Пазней, калі пайшла ў школу (Узбалацкая васьмігодка), пастаянна прымала ўдзел у мерапрыемствах з удзелам франтавікоў.  Было іх у нашай вёсцы чалавек пятнаццаць. Трэба  адзначыць, работа ў кірунку патрыятычнага выхавання ў калектыве пад кіраўніцтвам  Заслужанага настаўніка Беларусі Галіны Васільеўны Кароль была наладжана на высокім узроўні. На сустрэчах з ветэранамі, што праходзілі ў самой школе ці ля помнікаў у гонар загінуўшых, мы прыходзілі з хваляваннем і жаданнем як мага больш даведацца пра  вайну. 

Сярод удзельнікаў тых сустрэч быў і Іосіф Іосіфавіч Дземідовіч – дзед маёй аднакласніцы Марыны (зараз Шапуцька). Памяць захавала вобраз невысокага хударлявага пажылога чалавека, што хадзіў з кіёчкам. У дзеда Юзіка была паралізавана палавіна тулава. Таму адна рука была заўсёды закладзена за пазуху, а нагу літаральна падцягваў за сабой. Гутарку яго разумелі толькі самыя блізкія. Усё гэта – наступствы цяжкай кантузіі.

Як і большасць беларускіх сялян, Іосіф Іосіфавіч трапіў на фронт ужо пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Так атрымалася, што сёння адзіны чалавек, які добра ведаў баявы шлях бацькі, – сын Іосіф, хварэе. Таму я не магу дакладна расказаць, якімі дарогамі крочыў пехацінец Дземідовіч. Нявестка Ніна Міхайлаўна ўпэўнена: яе свёкар і мой дзядуля маглі служыць разам. Іван Дамінікавіч жа ваяваў у Прыбалтыцы, затым на тэрыторыі Усходняй Прусіі быў паранены.  Іосіф Іосіфавіч дайшоў да Германіі (гэта вядома дакладна). Там ён атрымаў кантузію і пасля працяглага лячэння прыехаў на радзіму. Яго суправаджала медыцынскі работнік (у тым стане, у якім знаходзіўся, сам бы не даехаў). Малады мужчына амаль не арыентаваўся ў прасторы, пакутаваў ад галаўнога болю, перажываў панічныя атакі і зусім не размаўляў. З аднаго боку, у жонкі і дзяцей радасць – муж і бацька вярнуўся жывым! А з іншага – колькі сіл спатрэбілася родным, каб заўзяты працаўнік, стаўшы інвалідам, неяк прызвычаіўся да свайго стану і працягваў жыць.

Паколькі сам Іосіф Іосіфавіч размаўляў дрэнна, звесткі пра некаторыя падзеі з яго ўдзелам сваякі атрымалі ад медсястры. Яна ж перадала ім і баявыя ўзнагароды франтавіка – медаль “За Перамогу над Германіяй” і ордэн  Айчыннай вайны. Жанчына расказала, як падчас аднаго бою фашысцкія мінамётчыкі літаральна паклалі ўсіх чырвонаармейцаў – удзельнікаў першага рыўка атакі. Адзін маладзенькі салдат упаў літаральна ў некалькіх кроках ад акопа, і было бачна: жывы. Салдат Дземідовіч, хоць яго і не пускалі, паспрабаваў зацягнуць параненага ў акоп. У гэты час немцы аднавілі абстрэл. Снарад разарваўся побач.

Затым зноў была атака, раздаваліся крыкі “Ура!”, нямецкая лаянка, стрэлы і выбухі. У выніку фашысты адступілі, але наш зямляк нічога гэтага ўжо не ўсведамляў. Памяць пра тыя падзеі вярнулася да яго паступова і, магчыма, не ў поўным аб’ёме. Як мог, спрабаваў расказваць, але заўсёды пачынаў плакаць. Таму жонка Софія забараніла  дзецям, а пасля і ўнукам яго турбаваць.

У 1944 годзе ў час адступлення невялічкую хатку, якую  Дземідовічы паспелі пабудаваць у Узбалаці да вайны, немцы спалілі. Таму давялося пажыць у зямлянцы. Адбудаваліся пасля Перамогі. Уяўляю, якой складанай задачай гэта было для сям’і, дзе гаспадар – інвалід. Бабу Зосю, жонку Іосіфа Іосіфавіча, я добра помню. Гэта была досыць суровая жанчына. Мы, дзеці, яе нават трошкі баяліся. Зараз жа добра разумею яе стан. Жыццё дало простай беларускай сялянцы вельмі мала падстаў для радасці.

Дзед Юзік у сваім невялікім, але вельмі ўтульным доме дажыў да 75-годдзя. Сваякі і суседзі шкадавалі ветэрана. Вельмі прыемна, што памяць пра баявога продка захоўваюць і яго праўнукі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара