З павагай да сведкаў Перамогі

2021 - Год народнага адзінства Люди и судьбы

Да ветэрана Мікалая ГАРНАСТАЯ завіталі Наталля ІГНАТОВІЧ і Святлана РАКАВЕЦ.

Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь на Валожыншчыне прайшла традыцыйныя акцыя, падчас якой віншаванні ад прадстаўнікоў органаў улады атрымалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, былыя вязні і інваліды вайны. Кожнаму з іх уручана паштоўка ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і каштоўны падарунак.

Да аднаго з самых паважаных людзей Валожыншчыны – жыхара вёскі Сакаўшчына Мікалая Рыгоравіча Гарнастая – завіталі намеснік старшыні камітэта па працы і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Наталля Ігнатовіч і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Ракавец. 97-гадовы ветэран сустрэў гасцей як і належыць сапраўднаму салдату, – пры парадзе.

Мікалай Гарнастай – сапраўдны прыклад жыццёвай стойкасці, чалавечай годнасці, выключнай працавітасці. І Наталля Генадзьеўна, і Святлана Леанідаўна ад ўсёй душы павіншавалі шаноўнага чалавека і пажадалі яму доўгіх, шчаслівых гадоў жыцця. Ён жа з хваляваннем падзяліўся ўспамінамі пра час, калі са зброяй у руках абараняў нашу сучаснасць.

У той жа дзень адбыўся візіт і ў вёску Шчаўканы, дзе жыве жанчына, якая зведала ўсе пакуты фашысцкага канцлагера, – Надзея Каваленка.

Хоць памяць былой настаўніцы дагэтуль захоўвае ўсе падрабязнасці абпаленага вайной дзяцінства, яна праз гады нясе выключны аптымізм і непадробную жыццярадаснасць. Надзея Іванаўна з радасцю прыняла віншаванні і падарунак і ў сваю чаргу падзякавала адказным асобам за ўвагу і клопат, а таксама ад шчырага сэрца пажадала ўсім здароўя, радасці і мірнага неба над нашай цудоўнай Радзімай.

Паштоўкі і падарункі ў той дзень атрымалі і іншыя нашы слаўныя землякі:

вязень Леаніла БАРТКЕВІЧ, Ракаў

 

вязень Іна ЗАГОРСКАЯ з аграгарадка Ракаў
ветэран Вялікай Айчыннай вайны з вёскі Сазонаўшчына Аляксандр ЯРМАК
вязень Яўгенія РАМАНЧЫК з вёскі Бузуны
ветэран Вялікай Айчыннай вайны з Новага Двара Генадзій КАНЦАВЫ
вязень Аляксандр ЛАБАНОК, вёска Вялікае Поле

 

ракаўчанка Валянціна ПАЎЛОЎСКАЯ, якая ў гады вайны была вязнем, а таксама многія іншыя…

Тэкст і фота

Валянціны КРАЎНЕВІЧ