Ля вады трэба думаць пра асцярожнасць!

Безопасность и здоровье

У гарачае надвор’е вадаёмы вабяць і дзяцей, і дарослых. Але, на жаль, не для ўсіх такі адпачынак заканчваецца добрымі ўспамінамі. Для тых, хто самаўпэўнена заплывае далёка ад берага, такая “вандроўка” можа стаць апошняй. Нярэдкія і выпадкі, калі людзі заходзяць у ваду пасля ўжывання спіртнога. Гэта – прамое грэбаванне ўласнай бяспекай. А дзеці, пакінутыя на беразе без нагляду, – адназначна бяда!

Каб нагадаць жыхарам раёна правілы бяспечных паводзін на вадзе, работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна са старшынёй раённай арганізацыі ТВВОД і прадстаўніком газеты наведалі месцы для купання і правялі прафілактычныя гутаркі. Дарослым нагадалі, каб дзеці ні ў якім разе не заставаліся без нагляду, а таксама пра забарону купання ў нецвярозым стане. З малымі і падлеткамі таксама правялі размову.

Падчас правядзення рэйду сустрэўся і аматар паплаваць у забароненым месцы.

– Вы ведаеце, для чаго прызначаны буйкі на вадзе? – пацікавіліся ў парушальніка ўдзельнікі рэйдавай групы.

– Ведаю. Але я ўсё жыццё займаюся плаваннем. Са мной нічога не здарыцца, – пачулі ў адказ.

Мужчыну папрасілі выйсці з вады і патлумачылі, што менавіта такая самаўпэўненасць часта і падводзіць, прывялі прыклады трагічных выпадкаў, якія ўжо адбыліся ў гэтым годзе. Задаволіліся абяцаннем далей не парушаць патрабаванні.

Вада не даруе памылак. Невыкананне правіл бяспекі заўсёды прыводзіць да бяды. Беражыце сябе і сваіх блізкіх!

Сяргей САДОЎСКІ