ПАКАРЫЛІ ДЫСТАНЦЫЮ

Спорт

Зноў папоўнілася скарбонка спартыўных перамог раёна.

У фінале абласнога лёгкаатлетычнага кросу “Залатая восень”, які праходзіў 8 кастрычніка ў Мінску, наша каманда заняла ганаровае 3-е месца сярод 16 каманд-удзельніц. У асабістым заліку найлепшыя вынікі паказалі Аляксандр Барздыка (1-е месца на 4-кіламетровай дыстанцыі) і навучэнец сталічнага абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву, івянчанін Сяргей Халапук (3-е месца на дыстанцыі 2 кіламетры). Пераможныя балы прынеслі камандзе і вучаніцы Івянецкай сярэдняй школы Дзіяна Сакалоўская, Сняжана Бурачэўская, Вераніка Ахрэм і Ганна Більдзюк, сярод дарослых – наша зямлячка Кацярына Пятровіч.

На адкрытым чэмпіянаце Брэсцкай вобласці па марафоне, які праходзіў у той жа дзень у горадзе Маларыце, івянчанін Тадэвуш Жаўток паказаў чацвёрты вынік у абсалютным заліку, прабегшы марафонскую дыстанцыю 42 кіламетры 195 метраў за 2 гадзіны 37 хвілін 5 секунд. У сваёй узроставай групе “мужчыны саракагадовага ўзросту і старэйшыя” ён быў лепшым. У якасці ўзнагароды ўсе пераможцы атрымалі грашовыя прэміі.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий