Івянецкай “Кароўцы” — быць! Другое жыццё ёй даў “Слодыч”

"Минщина, мы тобой гордимся!" Аграрный сектор и промышленность Главное Общество Ступені поспеху

Першага ліпеня ў Івянцы адбылася вельмі важная і знакавая не толькі для гарпасёлка, Валожыншчыны, але і для ўсёй нашай краіны падзея: урачыстае адкрыццё Івянецкага філіяла адкрытага акцыянернага таварыства “Кандытарская фабрыка “Слодыч”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел высокія госці – Намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандр СУБОЦІН, старшыня канцэрна “Белдзяржхарчпрам” Анатолій БУБЕН, намеснік старшыні Мінаблвыканкама Дзяніс КУРЛЕНКА, кіраўніцтва фабрыкі і раённай улады.

 

Гісторыя Івянецкай кандытарскай фабрыкі бярэ свой пачатак у далёкім 1955 годзе як кансервавага кааператыва. Пасля перапрафіліравання больш за паўстагоддзя прадпрыемства стабільна працавала і развівалася, упэўнена заняўшы нішу на рынку салодкай прадукцыі: івянецкія “Кароўка”, “Сметанковая памадка”, іншыя цукеркі былі сапраўдным брэндам, які смакавалі нават у замежжы.

Напрыканцы 2017-а наступілі цяжкія часы, калі “Івкан” прызналі банкрутам, і пачалася працэдура яго санацыі. За апошнія тры гады рабіліся спробы запусціць вытворчасць, але вывесці прадпрыемства з-за няпаду так і не ўдалося.

Як расказаў генеральны дырэктар ААТ “Кандытарская фабрыка “Слодыч” Аляксандр Нячай, у снежні мінулага года падчас візіту на фабрыку адказных асоб краіны і канцэрна “Белдзяржхарчпрам” было дадзена даручэнне дэталёва разабрацца са станам сітуацыі на “Івкане” і ўзяць яго пад сваё крыло.

За пяць месяцаў зроблена вялікая работа. Праведзены ўсе неабходныя юрыдычныя працэдуры і створаны Івянецкі філіял ААТ “Кандытарская фабрыка “Слодыч”, на што былі зрасходаваны 1,2 мільёна рублёў уласных сродкаў.  На прадпрыемстве працуе 91 чалавек. У чацвёртым квартале плануецца атрымаць патрэбныя дазвольныя дакументы, каб да канца бягучага года мець у агульным партфелі выпуску салодкай прадукцыі 10 найменняў: на сёння з канвеера сыходзіць 6 відаў, да канца бягучага года дабавяцца яшчэ 4. Гэта малочныя, жэлейныя, суфлейныя і памадныя цукеркі. Новае накіраванне мяркуе павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці для самой кандытарскай фабрыкі і стварэнне новых рабочых месц у гарпасёлку. Гэта важны праект па вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі, якую ў далейшым плануецца накіроўваць на экспарт у розныя куткі свету. Ужо сёлета запланаваны выпуск у аб’ёме 80-120 тон у месяц, а з наступнага года – 240 тон у месяц.

“Безумоўна, была вялікая рызыка, – адзначыў Аляксандр Генадзьевіч, – Многія не верылі, што з гэтага штосьці атрымаецца. Але канвеер запушчаны і працуе – і гэта галоўнае. Мы напісалі стратэгію развіцця да 2025 года і будзем паступова нарошчваць абароты выпускаемай прадукцыі. Пастараемся аднавіць на рынку пазіцыю івянецкай “Кароўкі” і зрабіць яе моцнай – толькі цяпер яна ўжо выходзіць пад брэндам “Слодыча”. Якія выгады атрымаем ад рэалізацыі праекта? Паэтапнае аднаўленне вытворчасці і маёмаснага комплексу – ён ужо знаходзіцца на завяршальнай стадыі; зараз ідзе этап дэверсіфікацыі “Слодыча” – наша каманда можа працаваць пры тых жа затратах з новым прадуктам, дагэтуль мы працавалі ў асноўным з мучністай групай кандытарскіх вырабаў: пячэннем, вафлямі. Далей – стварэнне новых рабочых месцаў і прыцягненне малададых кадраў: за пяць гадоў колькасць працуючых узрасце да 350 чалавек. Да канца рэалізацыі  праекта плануем нарасціць аб’ёмы вытворчасці на 70 працэнтаў, а выручкі – у два разы, што створыць вялікі экспартны патэнцыял прадпрыемству ўвогуле. Спачатку насыцім унутраны рынак, а пасля будзем пастаўляць прадукцыю на экспарт».

Намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандр Субоцін павіншаваў кіраўніцтва і калектыў з аднаўленнем работы фабрыкі. “Усе заўсёды шукаюць нейкія сімвалы ў падзеях, – падкрэсліў Аляксандр Міхайлавіч. – Так, івянецкі філіял кандытарскай фабрыкі “Слодыч” адкрываем да Дня Незалежнасці Беларусі. У чым плюсы? Мы аднавілі, захавалі і далі другое жыццё нашым вядомым яшчэ з савецкіх часоў брэндам. Дарэчы, прадукцыя ўжо атрымала водгук у пакупнікоў і даволі высокі – пытаюцца, дзе можна набыць”.

 

Аб тым, каб ствараць карпарацыі і холдынгі, у Белдзяржхарчпраме гутаркі ходзяць даўно. “У нейкай ступені івянецкі філіял можна назваць звяном міні-холдынга, – сказаў старшыня канцэрна “Белдзяржхарчпрам” Анатолій Бубен. – Другім этапам будзе кандытарская фабрыка “Конфа” – да канца гэтага года яна далучыцца і стане маладзечанскім філіялам “Слодыча”. Нягледзячы ні на якія эканамічныя санкцыі ў адносінах да нашай краіны, мы развіваемся – адкрываем новыя прадпрыемствы, рэаніміруем старыя, аб’ядноўваемся: у цэлым па канцэрне маем рост і па ўнутраным рынку, і па экспарце – значыць, усё рухаецца ў правільным накірунку”. Для падтрымання і развіцця вытворчасці ў Івянцы кіраўнік харчовай галіны ўручыў “Слодычу” сертыфікат на 579 тысяч рублёў – на набыццё абсталявання.

Алена ЗАЛЕСКАЯ, фота Сяргея САДОЎСКАГА