Валожыншчына адзначае Дзень Незалежнасці і Свята роднага горада

2021 - Год народнага адзінства Главное Культура Общество

3 ліпеня плошча Свабоды райцэнтра стала цэнтрам правядзення маштабнага свята, прысвечанага Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 621-й гадавіне з дня першага ўпамінання ў летапісных крыніцах Валожына.

Суботнім ранкам перад стартам афіцыйнага мерапрыемства наведвальнікаў чакалі гандлёвыя рады, атракцыёны для самых маленькіх. Афіцэры вайсковай часці 30695 дэманстравалі жадаючым баявую зброю і амуніцыю, а тых, хто паспеў прагаладацца, вайскоўцы частавалі смачнай салдацкай кашай. Дарэчы, тут жа можна было аформіць падпіску на часопісы і газеты, у тым ліку і на нашу родную «Працоўную славу». У гэтым дапамагала адна з самых вопытных паштальёнаў Валожыншчыны Галіна Унукоўская.

Да пачатку ўрачыстасці людзей сабралася шмат, і прыйшлі яны сюды з задавальненнем. З-за сітуацыі з пандэміяй каронавірусу апошні час багатым на відовішныя падзеі назваць не атрымліваецца, таму гледачы актыўна скарысталіся магчымасцю атрымаць асалоду для душы.

Афіцыйную частку мерапрыемства адкрыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген Круковіч. Кіраўнік Валожыншчыны павіншаваў са святам усіх прысутных, асаблівую ўвагу надаўшы ветэранам. Менавіта прадстаўнікам легендарнага пакалення воінаў-вызваліцеляў давялося прайсці вельмі няпростымі жыццёвымі дарогамі, паліваць крывёй палі баёў і ўдарна, з апошніх сіл працаваць дзеля агульнай мірнай будучыні…

Ад імя сённяшняга пакалення абаронцаў Айчыны выступіў камандзір воінскай часці 30695 Андрэй Калач, а ад моладзі Валожыншчыны — Алеся Качула. Мітынг працягнуўся ўскладаннем вянкоў і кветак да помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны на плошчы Свабоды. У тыя страшныя гады Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара. Памяць пра іх будзе жыць вечна.

Мы будзем памятаць кожнага. І таго, хто пасля смерці ўстаў на п’едэстал, і таго, хто не пакінуў нам імя свайго…

Адзін з найбольш узнёслых момантаў мерапрыемства — праходжанне калон працоўных калектываў. Ва ўсіх — безліч заслуг і самаадданай працы на карысць Радзімы і прымнажэння яе матэрыяльнага і духоўнага багацця. Прапануем паглядзець, як гэта адбывалася.

Адкрылі парад прадстаўнікі самай масавай грамадскай арганізацыі краіны — Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Забягаючы наперад, скажам: менавіта ім і дастаўся Дыплом, пераходны Кубак і галоўны прыз за перамогу ў аб’яўленым раённым аглядзе-конкурсе на лепшае афармленне калоны.

Педагогі і іх выхаванцы
За спартсменамі раёна — шмат унушальных перамог на розных узроўнях
Калона работнікаў культуры, а за імі — многія іншыя…
Замкнулі шэсце калон, чаканячы крок, вайскоўцы Валожынскага гарнізона.

Вядома ж, выступленне нашага падрастаючага пакалення выклікае самыя яркія і цёплыя пачуцці. Не стаў выключэннем і гэты раз. Флэш-моб, як і канцэртная праграма, атрымаліся сапраўды відовішчнымі і высокамастацкімі.

Па добрай традыцыі, на Дзень горада віншуюць яго жыхароў з найбольш значнымі падзеямі ў іх жыцці. Місію ўзнагароджання на сцэне выканаў старшыня райвыканкама. Гучнымі апладысментамі суправаджалася віншаванне самага маладога жыхара раёна, які нарадзіўся ў сям’і Валерыя і Паліны Круглінскіх 30 чэрвеня. Іх першынец Савелій сапраўдны волат — 4 кілаграмы 600 грамаў.

У гэты святочны дзень удзельнікі мерапрыемства адрасавалі павагу і ўдзячнасць самаму пажылому жыхару горада — Надзеі Іванаўне Арцёменка, якая нарадзілася 27 снежня 1920 года. Надзея Іванаўна не прысутнічала на свяце ў сілу свайго сталага ўзросту, але яна прасіла перадаць самыя шчырыя віншаванні і пажаданні шчасця, здароўя, дабра і міру ўсім жыхарам горада і гасцям. Напярэдадні свята прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання павіншавалі надзею Іванаўну, уручылі ёй падарунак.

Залатое вяселле — гэта вялікая каштоўнасць, якая фарміруецца гадамі нялёгкай працай. На сцэну запрасілі Міхаіла Уладзіміравіча і Зінаіду Вікенцьеўну Пашкоўскіх, жыхароў вёскі Дубіна-Баярская, якія сёлета адзначылі 50-годдзе сумеснага жыцця!

Працоўная сямейная дынастыя — гэта гонар любой галіны, таму што ўслед за бацькамі дзеці выбіраюць тую ж прафесію. І яна становіцца добрай сямейнай традыцыяй, дзе існуе атмасфера ўзаемаразумення і павагі. Сямейная дынастыя ўрачоў Грыка пачалася ў Валожынскай бальніцы з 80-х гадах мінулага стагоддзя. Валерый Грыка — урач-хірург цэнтральнай раённай бальніцы. Яго жонка Ірына — урач-інфекцыяніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, дачка Наталля – студэнтка Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Адданасць прафесіі, выбранай аднойчы і назаўсёды – адзін са складальнікаў шчаслівага жыцця. На сцэну паднялася інструктар-дэзінфектар дэзінфекцыйнага аддзялення раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Рэгіна Легкадзімава. Рэгіна Іосіфаўна пасля заканчэння Маладзечанскага медыцынскага вучылішча ў 1969 годзе працуе на адным месцы на працягу 47 гадоў.

У дзень нараджэння горада свае дні нараджэння адзначаюць паважаныя людзі. І з’явілася выдатная магчымасць іх павіншаваць! Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу ў сельскагаспадарчай галіне, прафесіяналізм, вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна і ў сувязі з 60-годдзем узнагародзілі дырэктара ААТ «Агра-Дубінскае» Генадзя Каспяровіча.

Яшчэ адзін імянніннік дня — Аляксандр Сямёнаў, кіраўнік КУП «Сівіца».

Святочная праграма працягнулася і ў другой дня. Ён запомніўся выступленнямі самадзейных калектываў і артыстаў Валожыншчыны, дзіцячым канцэртам. Самым вечарам настрой жыхарам горада стваралі зоркі беларускай эстрады Вольга Плотнікава і Саша Нэма. Завяршыўся дзень акцыяй «Спяваем гімн разам», маштабным феерверкам і дыскатэкай для самых актыўных.

Сяргей САДОЎСКІ. Фота аўтара і  Валянціны КРАЎНЕВІЧ.