НА ПРЫЛАЎКАХ – “АНТЫКВАРЫЯТ”…

Закон и порядок

Супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю праверылі некаторыя гандлёвыя аб’екты Мінскага раёна і засталіся ў разважаннях: паколькі на пакупніцкі попыт сёння ніхто не скардзіцца, як можна было “згнаіць” столькі тавару?..

У чатырох магазінах ПУП “Памаз” меўся “нядрэнны” асартымент пратэрмінаваных тавараў. Спажыўцам тут прапаноўвалі “падгулялыя” сасіскі, сардэлькі, каўбасы, марынаваныя агуркі і салату, тэрмін годнасці якіх сышоў яшчэ 2 месяцы таму. Не забыліся і пра дзяцей, якім прапаноўвалі пратэрмінаваныя чыпсы, “Снікерсы” і “Марсы”. Недалёка ад калег адышлі і работнікі ПУП “Торглэнд” – сардэлькі з плесняй, высахлая каўбаса, пратэрмінаваныя піва, напіткі, мінеральная вада, чай.

Але сапраўдным “рэкардсменам” стала гандлёвае прадпрыемства “Вітока-гандаль” ў Астрашыцкім гарадку. Для пакупнікоў тут захавалі сапраўдны антыкварыят: салёныя фісташкі, на якія тэрмін годнасці сышоў без малога ПЯЦЬ ГАДОЎ ТАМУ, а яшчэ пратэрмінаваны на 9 месяцаў салёны арахіс, чай – ад года да двух з лішкам. На прылаўку – вэнджаная рыба з плесняй, далёка не свежыя сардэлькі, курыныя кумпячкі і гэтак далей.

На кухні кафэ ТАА «Горная лаванда сэрвіс» на момант прыходу кантралёраў наведвальнікаў чакалі кіслы тварог, пратэрмінаваныя сыр і селядцы, пакрытая плесняй каўбаса. Асобным гандлёвым аб’ектам, мяркуючы па смеццю, пылу і бруду, была неабходна неадкладная ўборка. Акрамя таго, дзе-нідзе выкарыстоўваліся вагі, дакладнасць якіх ва ўстаноўленым парадку не пацвярджалася. Зрэшты, знайшоўся і такі гандлёвы дом, дзе вагі настроілі і праверылі, але правільна важыць так і не навучылі. Кантралёры зафіксавалі перавышэнне цэн на 330-490 рублёў з адзінкі.

Асобнай увагі заслугоўваюць «тавары-загадкі» – так супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю назвалі тавары без маркіроўкі вытворцы. Купляць такія прадукты сабе даражэй: паспрабуй здагадайся, ці прадпрыемства не рашылася такі тавар прамаркіраваць, ці прадавец «замятаў сляды», а можа, сама маркіроўка ад сораму адклеілася…

Па выніках праверкі забаронена рэалізацыя тавараў на суму больш чым 11,4 мільёна рублёў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 12 чалавек, а ў адносінах да асобных аб’ектаў гандлю будуць унесены прапановы ў мясцовыя выканаўчыя органы адносна мэтазгоднасці іх далейшага функцыянавання.

Камітэт дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці.

 



Добавить комментарий