У ЛАНЦУЖКУ СПАРТЫЎНЫХ ПЕРАМОГ

Спорт

16-17 верасня ў спартыўнай зале аддзела адукацыі райцэнтра адбыліся абласныя фінальныя гульні па настольным тэнісе па месцы жыхарства. У асабістым першынстве 1-е месца заняў васьмікласнік сярэдняй школы № 2 Максім Кербедзь. Зборная каманда нашага раёна, якую трэніруе настаўнік фізічнай культуры сярэдняй школы № 1 Дзмітрый Васільевіч Ажэрэльеў, стала другой у вобласці.

З 29 верасня па 1 кастрычніка ў Слуцку прайшла V юбілейная спартакіяда ветэранаў фізічнай культуры і спорту Мінскай вобласці. Ад нашага раёна ў ёй прынялі ўдзел ракаўчанін Аляксей Уладзіміравіч Лях, які заняў 1-е месца па настольным тэнісе, і шахматыст з райцэнтра Міхаіл Іванавіч Шыян, які ў агульным заліку аказаўся на дзевятай пазіцыі.

1 кастрычніка на стадыёне ў мікрараёне Сельгастэхніка адбыўся турнір па міні-футболе памяці трэнера А. С. Латышава.  Сярод 6 каманд-удзельніц лепшай па выніках гульняў аказалася каманда ПМК-188. 2-е ганаровае месца занялі івянчане, каманда РАНС – на трэцяй прыступцы п’едэстала гонару. Каманда-пераможца атрымала кубак і грашовую прэмію, прызёры ўзнагароджаны граматамі аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама і прэміямі. Гульні абслугоўвала судзейская брыгада на чале з суддзёй А. Кавязам.

8 кастрычніка адбыліся спаборніцтвы па стрытболе ў праграме раённай спартакіяды сярод каманд калектываў раёна на базе гімназіі № 1 райцэнтра. Прызёрамі сталі каманды мясцовай воінскай часці (1-е месца), настаўнікаў фізкультуры Івянецкай сярэдняй школы (2-е месца) і лясгаса (3-е месца).

22-23 кастрычніка пройдзе раённая спартакіяда сярод ветэранаў спорту па чатырох відах: дартсе, настольным тэнісе, шахматах і рускіх шашках.

Мікалай РАБЦАЎ, суддзя спаборніцтваў.

 



Добавить комментарий