Вызваленне вёскі Лоск

76 лет Великой Победе! Беларусь помнит, Минщина гордится

Мой дзед Іосіф Мікалаевіч РУСАКЕВІЧ (справа) са святаром айцом Антоніем СЕМАШКЕВІЧАМ. Разам яны выратоўвалі лоскіх яўрэяў падчас вайны. На здымку дзеду 89 гадоў. Памёр ён у 1975 годзе ў 90-гадовым узросце.

Бой за вёску Лоск і за яе вызваленне пачаўся раніцай 6 ліпеня 1944 года. Байцы Чырвонай Арміі вялі наступленне з боку Маладзечна-Яхімоўшчыны на Лоск-Крэва.

Мясцовыя жыхары пры першых стрэлах пахаваліся ў скляпах, ямах для захоўваннях бульбы. І з-за таго, што вёска стаіць на пагорку і з двух бакоў працякаюць рэчкі, многія сем’ямі сядзелі ў поймах рэчак і трымалі там на прывязі кароў і іншую жывёлу.

Мой дзед Іосіф Мікалаевіч Русакевіч жыў непадалёк Замкавай гары. Ён таксама завёў сваіх дзвюх кароў і каня ў пойму ракі і прывязаў іх. Сам сядзеў у рацэ цэлы дзень, схаваўшыся паміж буйнымі дрэвамі. Выйсці адтуль магчымасці не было, бо на Замкавай гары ў 300 метрах ад яго схованкі немцы размясцілі камандны пункт. Ён чуў нямецкія каманды “фаер” і іншыя і разумеў іх, бо з 1914 па 1920 год знаходзіўся ў нямецкім палоне.

Немцаў дзед называў “гіцамі”. Служыў у царскай арміі. Тэрміновую службу праходзіў у Ніжнім Ноўгарадзе на пасадзе ездавога ў 1912 годзе. За харошае выкананне абавязкаў быў узнагароджаны лакавымі ботамі, якімі ганарыўся ўсё жыццё. У іх пайшоў на Першую сусветную вайну. У баі пад Гумбіным яго параніла, патрапіў у палон і працаваў у бацэра на зямлі. Дзякуючы моцнаму здароўю і кемлівасці выжыў: еў макуху – адходы ад вытворчасці цукра давалі рабочым коням-цяжкавозам. Сумесь раствараў у вадзе і піў салодкую мутную вадкасць разам з палонным таварышам – гэта надавала сілы выжыць. Пасля вярнуўся на Радзіму, ажаніўся і ў 1920 годзе нарадзіўся мой бацька.

Да вечара гулы выстралаў спыніліся. Дзед выйшаў са схованкі і пайшоў уздоўж ракі дадому. Хата знаходзілася на краі вёскі каля Замкавай гары. Першае, што ўбачыў каля замчышча, – забітага немца, побач з якім сядзела нямецкая аўчарка і ахоўвала свайго гаспадара. Падыходзячы да вуліцы бліжэй, заўважыў палаючы агнём суседні дом Паўлюкевічаў, а непадалёк дагараў танк Т-34: наваколле напоўнілася паленай чалавечай плоццю. У сям’і ніхто не пацярпеў – усе схаваліся ў ямах, дзе захоўвалася бульба, да гэтай пары яны былі пустыя. Па мястэчку ўжо хадзілі савецкія салдаты, рухаліся танкі і машыны. Многія дамы ў вёсцы дагаралі.

Як пасля высветлілася, у баі за вёску Лоск немцы спалілі 8 нашых танкаў Т-34, у якіх загінулі 33 чалавекі. Аднаго параненага танкіста фашысты дапытвалі ў доме Фёдара Дурко. Пасля бою яго знайшлі прыбітага цвікамі да сцяны. Ёсць звесткі, што мясцовыя жыхары многіх танкістаў спрабавалі выратаваць, за што самі паплаціліся жыццём.

Пахавалі савецкіх салдат каля вёскі Лоск, а пасля іх астанкі перавезлі ў агульную брацкую магілу. У 1967 годзе ў Лоску ўстанавілі помнік у гонар 55 загінуўшых абаронцаў Айчыны.

Нямецкія байцы доўга ляжалі на полі каля вёскі. Тады зямля была прыватнай уласнасцю. Надыходзіў час уборкі ўраджаю, і гаспадары проста закапвалі трупы самі. Мой дзед Іосіф Мікалаевіч Русакевіч пахаваў 9 забітых немцаў. Пасля ён паказваў мне тое месца, казаў, што салдаты ў вайне невінаватыя. Нямецкая ж аўчарка яшчэ доўгі час верай і праўдай служыла майму дзеду.

Рыгор РУСАКЕВІЧ,

старшыня раённай

арганізацыі ветэранаў вайны

 ў Афганістане