Ягадны каляндар

Кругозор

Сярод людзей бытуе прымаўка: “Ягады пачынаюцца суніцамі, а заканчваюцца брусніцамі”. Размова тут ідзе толькі пра збор самых значных ягад. На самай справе ягадны сезон заканчваецца выспяваннем і зборам журавін.

Калі коратка гаварыць пра ягадны каляндар, то прыкладна ў другой палове чэрвеня выспяваюць суніцы, праз паўмесяца – чарніцы, праз месяц – маліна, праз 35-45 дзён – брусніцы, праз тыдзень пасля малін – касцяніцы, а там на падыходзе – парэчкі, рабіна, шыпшына, каліна, журавіны. У засушлівае надвор’е суніцы і іншыя ягады могуць выспяваць хутчэй, чым у дажджлівае.

Народная мудрасць

Куды ягада нахілілася, туды павалілася.

Дажджлівы год ягад – страх Божы, сухі – яшчэ горш.

Сотні таблетак не заменіць кілаграм ягад.

Любую хваробу ягады лечаць.

Кожны любіць ягады на стале, але не кожны пойдзе па іх у лес і на балота.

Хвароба і ягады – ворагі.

Знішчаны ягаднік двойчы не пладаносіць.

Завядзеш у ягады добрага – лес аддзякуе, благога – лес абаіх пазначыць.

Ягаднік раз пашкадуеш – ён цябе дзесяць.

Турбуйся пра здароўе, еш ягады, аднак і ягаднік шкадуй. Не забывай – і на будучы год табе жыць.

Сапраўдныя ягады трэба самому назбіраць.

Суніцы, колькі не еш, не зробяць здаровым, калі жывеш як хворы.

Хочаш здароўя – ягады знойдзеш.

Будзе ягаднік, будуць і ягады.

Лечаць журавіны ныркі, чарніцы – зрок, брусніцы – пячонку.

Ягаднік узлесак хваліць, а грыбнік лес.

Без ягад, як без прыкмет, шчаслівым не пражывеш.

На гару ідзеш – згорбішся, па ягады ідзеш – аздаровішся.

Радуйся сваім чарніцам, не зайздросці чужым брусніцам.

Лес кажа: “Ты ягады збіраў і забыў, а я цябе, думкі і сэрца тваё памятаю”.

ЧЭРВЕНЬ

Суніцы першыя з ягад зацвітаюць і першыя выспяваюць. Яшчэ ў маі на палянках і ўскрайках лясоў, на лугах, травяністых схілах, там, дзе многа прыпадае сонечных прамянёў, на невысокіх сцяблінках сярод зубчатага лісця і вусоў парасткаў зацвітаюць белыя кветачкі-зорачкі.

Пры звычайных пагодлівых умовах арыенцірам для пачатку выспявання суніц можа быць пачатак красавання канюшыны чырвонай. Як толькі ў зялёнай траве прыветліва заківае сваімі кошычкамі чырвоная канюшына – бяры збанок і накіроўвайся ў лес за суніцамі. Калі лета спрыяльна пагодлівае, то іх можна чакаць у другой дзесяцідзёнцы чэрвеня, у звычайныя гады – у трэцяй дзесяцідзёнцы. Ягады выспяваюць дружна і, натрапіўшы на такую палянку з зараснікамі суніц, мы ўбачым россып сярод зялёнай травы і лісцяў яркіх рубінавых кропелек-сэрцайкаў.

У адным з беларускіх паданняў гаворыцца, што ў адной крывавай і жорсткай бойцы воіны-мужчыны, адважна змагаючыся за сваю зямлю, за долю і шчасце людзей, загінулі. Сяляне пахавалі герояў на сонечнай паляне ў адной магіле. Праз нейкі час на магільным пагорку з травы на сцяблінках падняліся ярка-чырвоныя ягады, якія нагадвалі маленькія сэрцайкі. Здавалася, выйшлі з зямлі сэрцы мужных воінаў. І расліны, на якіх з’явіліся ягады-сэрцы, людзі назвалі сумніцамі, бо вельмі сумавалі па загінуўшых героях. Пазней гэтыя расліны сталі называць больш проста – суніцы. Можа, па гэтай прычыне ў маім дзяцінстве дарослымі вельмі жорстка забаранялася дзецям збіраць суніцы на могілках.

З моманту выспявання суніцы будуць радаваць лес амаль штомесяц. А які сунічны пах разносіць ветрык на палянках пасля толькі сышоўшай ранішняй расы і прагравання сонечнымі промнямі зямлі! Выспяваючы рана і першымі, гэтыя ягады як бы ўбіраюць у сябе першыя вясновыя і летнія лясныя пахі, сонечныя промні, становяцца духмянымі, прыгожымі чырвонымі вугольчыкамі-сэрцайкамі сярод зеляніны і набываюць своеасаблівыя смакавыя якасці. Сунічнае варэнне, бадай, самае духмянае.

Суніцы – вельмі карысная ягада для здаровага і хворага, асабліва для дзяцей у свежым выглядзе з малаком ці смятанай. У дзяцінстве, сабраўшы свежыя ягады, каб не звальваліся, мы ўціскалі ягаду за ягадай у хлебны мякіш дамашняга духмянага хлеба, затым з’ядалі, запіваючы малаком. А калі дазвалялася пасыпаць зверху цукрам – гэта было поўнай асалодай.

Дзякуючы вялікім і значным лячэбным уласцівасцям сунічных ягад, у людзей бытуе погляд, што адзін кубачак сабраных свежых ягад суніц забяспечвае арганізм чалавека неабходнымі вітамінамі і мікраэлементамі на цэлы год. Яшчэ суніцы сушылі, вядома ж, у такім выглядзе іх можна было нарыхтаваць невялікую колькасць, але яны былі вельмі карыснымі для хворых дзяцей. Якая ж была асалода, калі такую ягаду ўкінеш на язык зімой – і тут жа на ўспамін прыходзяць лясныя сунічныя палянкі і іх духмяны водар.

Пра значныя лячэбныя якасці суніц у адным са старажытных рускіх траўнікаў сказана: “Вода из ягод земляничных и желтость с тела сгонит, и жилы дыхательные отворит, и сердце укрепит, и силу даст, и камень изнутри истребит, и прокаженным вельми пользу творит”.

(Працяг будзе)

Фёдар КАВАЛЕНКА,

жыхар аграгарадка Ракаў