Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728   nshtejner@mail.ru

У чэрвені дзевяці жанчынам-маці, якія нарадзілі па трэцім дзіцяці, рашэннем райвыканкама прызначаны сямейны капітал. Дарэчы, гэта вельмі значнае папаўненне з пачатку бягучага года.

Вось прозвішчы жанчын, што не толькі атрымаюць дзяржаўную грашовую падтрымку на трэцяе дзіця, але і папоўнілі спіс мнагадзетных маці. Гэта жыхаркі райцэнтра Вольга Рыгораўна Власенка, Наталля Ігараўна Кебіч, Аксана Леанідаўна Бекіш і Аксана Уладзіміраўна Варвашэвіч. А таксама – Алена Генрыхаўна Шыдлоўская з аграгарадка Вішнева, Ганна Анатольеўна Новік з Дораў, Ганна Вячаславаўна Русовіч з гарпасёлка Івянец, Кацярына Аляксандраўна Бібік з вёскі Сівіца і Вольга Міхайлаўна Кулікоўская з вёскі Пральнікі.

Надвор’е – адна з самых гарачых тэм у поўным сэнсе слова ў апошні час. І сапраўды, як паведамілі на метэастанцыі “Валожын”, пачынаючы з 1944 года, калі сталі весціся пастаянныя назіранні, такіх спякотных дзён у чэрвені яшчэ не назіралася. На працягу некалькіх дзён па краіне быў аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі, а ў паўднёва-ўсходніх раёнах, дзе тэмпература была вышэй за +35, наогул, чырвоны ўзровень.

З 19 па 24 чэрвеня максімальная тэмпература паветра ў Валожыне дасягала +30+34 градусы па Цэльсію. 24 чэрвеня паверхня глебы прагрэлася да +59 градусаў. У гэты ж дзень назіралася ўзмацненне ветру да 19 метраў за секунду. 24-25 чэрвеня адбылася навальніца з градам, некаторыя градзіны былі памерам з грэцкі арэх. Увогуле, за 2 гадзіны ў Валожыне выпала 12 міліметраў ападкаў, што склала 40 працэнтаў дэкаднай нормы.

У краязнаўчым музеі Валожына пабывалі пляменнікі Героя Расіі, нашага земляка Аляксея Бацяна – дзеці яго малодшай сястры. Анатоль Фадзеевіч Жамоздзік жыве ў Мінску, а яго сястра Ганна Фадзееўна Бажаркевіч – у Маладзечне.

 Анатоль Фадзеевіч, наогул, меў цесныя стасункі з дзядзькам, часта бываў у яго ў Маскве, прысутнічаў на сямейных урачыстасцях. Ён падарыў музею кнігу Уладзіміра Суродзіна “Нерадавы салдат краіны. Век разведчыка Аляксея Бацяна”, выдадзеную ў Маскве ў 2019 годзе. Перадаў у электронным варыянце хроніку апошніх дзесяцігоддзяў яго жыцця, дзе занатаваны моманты, калі  адзначаліся 95- і 100-гадовыя юбілеі, а таксама фатаграфіі з сямейнага архіва. Сваякі героя ў першы раз мэтанакіравана наведалі музей і паабяцалі прыязджаць яшчэ, перадаць іншыя сямейныя фота, у прыватнасці, маці А. Бацяна.

Група выхаванцаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва разам з наведвальнікамі аддзялення для пажылых людзей пабывалі ў Дорах і ўсклалі кветкі ў памяць аб загінуўшых.

Іх уразіў мемарыяльны комплекс “Загінуўшых чакаюць вечна” і гісторыя яго з’яўлення. Пра вогненную трагедыю вёскі Доры расказала настаўніца гісторыі мясцовай школы Ганна Аляксандраўна Усава.

Добраахвотная пажарная каманда лясгаса ў складзе пяці чалавек абараняла гонар нашага раёна на абласных спаборніцтвах пажарных дружын, якія праходзілі ў Барысаве. У спаборніцтвах прымалі ўдзел 24 каманды.

Удзельнікі павінны былі выканаць 3 асноўныя заданні: правесці баявое разгортванне, пераадолець 100 метраў паласы з перашкодамі і адказаць на пытанні тэсціравання.

У Палацы культуры Барысава прайшла міжнародная выстава “Арт-экспа” краін-удзельніц СНД. У рамках мерапрыемства была арганізавана выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Добрых рук майстры”.

У выставе бралі ўдзел і майстры з нашага раёна, якія прадстаўлялі свае вырабы: Хрысціна Лямбовіч (ткацтва паясоў на ніту), Вольга Харлінская (выцінанка), Сяргей Пупко (разьба па дрэве), Ларыса Мытнік (сувенірныя лялькі).

Міжнародная асацыяцыя літаратараў Балгарыі, Расіі, Сербіі “Садружнасць” шосты нумар часопіса “Славянская ліра” за бягучы год прысвяціла вынікам міжнароднага паэтычнага конкурсу “Ружа”.

Сярод аўтараў з Азербайджана, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Расіі, Ізраіля, Паўночнай Македоніі, Сербіі, Харватыі і Чарнагорыі прадстаўлены і тры паэты з Беларусі. Два з іх – члены народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” нашага раёна – Наталля Жызнеўская і Марыя Мучынская, а яшчэ Ірына Карнаухава з Мінска.