Патрэбна быць разам

Общество

Віктар СУБАЧ і выхаванец аддзялення Павел ЦЫБУЛЬСКІ.

Нядаўна ў дзённым аддзяленні для людзей з інваліднасцю тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшла сустрэча старшыні раённага прадстаўніцтва Беларускага таварыства інвалідаў Віктара Субача з выхаванцамі аддзялення і іх бацькамі.

Віктар Альгертавіч – даўні сябар людзей, што атрымліваюць дапамогу і падтрымку ў сацыяльнай установе. Аднак далёка не кожны з іх з’яўляецца членам арганізацыі, якую ўзначальвае чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Многія інваліды і іх сваякі мяркуюць, быццам могуць уваходзіць у склад толькі адной арганізацыі. Напрыклад, калі ўжо маеш членства ў Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і  маладым інвалідам, то ў таварыства інвалідаў цябе не прымуць. На самай справе статут арганізацыі не забараняе ўваходзіць у склад любых іншых грамадскіх арганізацый. Прысутным патлумачылі, што неабходна рабіць для таго, каб атрымаць пасведчанне члена таварыства. Таксама кіраўнік расказаў пра магчымасці, якія, дзякуючы дзейнасці таварыства, могуць адкрыцца перад чалавекам з абмежаванасцямі.

Сёння ў раённай арганізацыі налічваюцца 170 членаў. Дарэчы, сам Віктар Альгертавіч мае другую (нерабочую) групу інваліднасці. Ён супрацоўнічае не толькі з абласной і рэспубліканскай структурамі, але і напрамую з дабрачыннымі арганізацыямі, якія пастаянна аказваюць дапамогу інвалідам Валожыншчыны. Дзякуючы гэтаму, сем’і, дзе ёсць людзі з інваліднасцю, могуць вырашыць мноства праблем. У першую чаргу – гэта забеспячэнне сродкамі рэабілітацыі (інвалідныя каляскі, функцыянальныя ложкі, мыліцы і г. д.) і гігіены, прадуктамі харчавання (два разы на тыдзень валанцёры арганізацыі вядуць збор у магазінах “Віталюр” у Мінску). І на гэты раз Віктар Субач завітаў у аддзяленне з пачастункамі. Ад арганізацыі “АДРА” яму перададзена 450 кілаграмаў харчавання для аслабленых людзей.Такія наборы ўжо атрымалі пражываючыя Ракаўскага псіханеўралагічнага інтэрната, сацыяльна-педагагічнага цэнтра, Івянецкага дома-інтэрната.

Віктар Альгертавіч зрабіў анонс бліжэйшых буйных мерапрыемстваў, у якіх запрасіў паўдзельнічаць наведвальнікаў аддзялення. І жадаючыя знайшліся. Ужо пасля сустрэчы на свята, што прайшло ў заапарку “Чыжоўка”, з’ездзілі каля сарака чалавек. Дарэчы, у канцэртнай праграме выступіў валанцёр аддзялення Уладзіслаў Рэут. А вось да веласвята (адбудзецца на Валожыншчыне ў сярэдзіне ліпеня)  жадаючым прыняць удзел у заездзе тандэмаў (падвойны веласіпед для здаровага чалавека і яго напарніка з інваліднасцю) неабходна будзе рыхтавацца.

Падчас сустрэчы Віктар Альгертавіч адказаў на пытанні. У прыватнасці, наконт парадку атрымання матэрыяльнай дапамогі (у тым ліку грашовай), арганізацыі паездак у цырк і г. д.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара