Догляд – справа адказная

Общество

Часта, сутыкнуўшыся з праблемамі, мы не ведаем, да каго і куды звярнуцца. Напрыклад, даволі цяжка чалавеку без спецыяльнай адукацыі і вопыту ажыццяўляць на належным узроўні догляд за цяжкахворым, маларухомым чалавекам. Між іншым, з пытаннямі, як гэта арганізаваць, можна звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання. Тут часта праводзяцца заняткі па гэтым кірунку.

Нядаўна ва ўстанове адбыўся навучальны семінар для валанцёраў, спецыялістаў цэнтра і сваякоў пажылых людзей “Практычныя навыкі з прымяненнем методыкі кінестэтыкс па прафілактыцы падзенняў і падтрымцы пажылых людзей”. Два блокі навучання правяла кваліфікаваны трэнер па кінестэтыкс (навука аб доглядзе за маламабільнымі і ляжачымі людзьмі) Юлія Матусевіч. Семінар адбыўся ў рамках праекта “Комплексны падыход да праблемы зніжэння фактараў рызыкі падзенняў у адносінах да пажылых людзей”. На занятках можна было засвоіць правільныя методыкі перамяшчэння маларухомых людзей. Трэнер патлумачыла і паказала, як больш лёгка можна перасаджваць, пераварочваць ляжачага. Былі дадзены парады адносна таго, як пашырыць фізічныя магчымасці хворага. Пазнаёміліся ўдзельнікі і з практыкаваннямі, што трэніруюць вестыбулярны апарат, даведаліся пра нюансы выкарыстання сродкаў рэабілітацыі і гігіены для папярэджання пролежняў. Трэнер таксама ўдзяліла ўвагу такому важнаму моманту, як уласная бяспека таго, хто даглядае цяжкахворага чалавека.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ