Бар’ераў быць не павінна

Безопасность и здоровье Важное Общество

На мінулым тыдні ў Валожыне прайшло пасяджэнне міжведамаснага савета па праблемах інвалідаў па тэме “Удасканаленне безбар’ернага асяроддзя”, у якім прыняла ўдзел намеснік начальніка камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Наталля Ігнатовіч.

Да пачатку асноўнага мерапрыемства Наталля Генадзьеўна ў суправаджэнні намесніка старшыні райвыканкама Ігара  Шакуна і начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святланы Ракавец з мэтай маніторынгу абсталявання безбар’ернага асяроддзя, пабывалі на вуліцах Валожына,  у арганізацыях,  дзе аказваюцца паслугі грамадзянам, у тым ліку і з інваліднасцю. Для таго, каб атрымаць найбольш правільнае ўражанне ад убачанага, прадстаўнікі ўлады запрасілі старшыню Валожынскай райарганізацыі Таварыства інвалідаў па зроку Міхаіла  Невядомскага і інваліда-калясачніка, выхаванца дзённага аддзялення для людзей з інваліднасцю Дзмітрыя Канановіча.

Абследаванне асноўных кропак пачалося з плошчы Свабоды, пешаходны пераход праз якую прыстасаваны для людзей з абмежаванымі магчымасцямі (тактыльная плітка, паніжэнне бардзюраў). Затым адбыўся візіт у раённы Цэнтр культуры і раённую бібліятэку. У кожную з устаноў культуры з лёгкасцю можа трапіць інвалід-калясачнік (маюцца добрыя пандусы), аднак тут сама планіроўка будынкаў не дазваляе абсталяваць спецыяльныя прыбіральні ў адрозненне ад фізкультурна-аздараўленчага комплексу, дзе ўсё прадугледжана для наведвальнікаў з інваліднасцямі.

Апошнім часам у кірунку стварэння безбар’ернага асяроддзя значны крок наперад зрабіла райпаліклініка. Тут для людзей з інваліднасцю маюцца ліфт, прыбіральня, спецыяльны пад’ёмнік, што ўстаноўлены ў пераходзе між карпусоў, на чацвёртым паверсе працуе абвяшчальнік. Прадумана безбар’ернае асяроддзе і ў магазіне “Еўраопт”.

СШ № 2 г. Валожына – установа адукацыі, якая з’яўляецца базавай  па стварэнні інтэграваных класаў. Сёння іх два. Сярод вучняў – адзін інвалід-калясачнік. З улікам гэтага факту лесвіца абсталявана пад’ёмнікам, маецца прыбіральня для інвалідаў.

Пабывала група і ў жылым доме № 122 па вуліцы Савецкай, дзе ў кватэры на другім паверсе разам з маці жыве Дзмітрый Канановіч. Дарэчы,  тут узнікла шмат пытанняў. У першую чаргу ўдзельнікаў маніторынгу абурыла якасць адкіднога пандуса, якім абсталяваны пад’езд. Нядобрасумленны падрадчык, наняты жылкамунгасам, неабходнае інваліду ўстройства зрабіў так, што карыстацца ім немагчыма. У выніку юнак-інвалід з дзяцінства літаральна ўсцягвае сам сябе праз тры пралёты лесвіцы, трымаючыся за поручань таго ж пандуса, але і ён зламаны. Гэта і іншыя пытанні абмеркавалі падчас пасяджэння ў аддзяленні ТЦСАН зацікаўленыя. На сустрэчу прыбылі члены міжведамаснага савета – кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў Міхаіл Невядомскі, Віктар Субач (Таварыства інвалідаў), Ларыса Шчарбачэвіч (Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам), прадстаўнікі ўпралення па працы, занятасці і сацыяльным абслугоўванні насельніцтва, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, службаў райвыканкама, жылкамунгаса, райбальніцы, упраўлення па адукацыі, спорце і турызме.

Прысутныя абмеркавалі самыя вострыя пытанні, што стаяць на парадку дня ў кірунку ўдасканалення работы па стварэнні камфорту для тых, хто мае праблемы з перамяшчэннем у прасторы.

“Гаворачы аб неабходнасці стварэння элементаў безбар’ернага асяроддзя, мы не павінны забываць кантраляваць, у якім стане знаходзіцца ўжо створаная інфраструктура”, – адзначыла Н. Г. Ігнатовіч, якая на ўзроўні Мінаблвыканкама адказвае за кантроль за выкананнем мерапрыемстваў па стварэнні безбар’ернага асяроддзя на Міншчыне.

Таксама на савеце закранулі пытанні занятасці людзей з інваліднасцю, аказанне ім медыцынскай дапамогі, прадастаўленне аздараўленчых паслуг, аказанне матэрыяльнай дапамогі і інш.

Па інфармацыі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, у раёне пражываюць 2270 інвалідаў, з іх 697 – людзі працаздольнага ўзросту. Што тычыцца моладзі, 75 – ва ўзросце ад 18 да 31 года, 117 дзяцей, што выхоўваюцца ў сем’ях, і 37 дзяцей-выхаванцаў Івянецкага дома-інтэрната. З мэтай сацыяльнай падтрымкі дадзенай катэгорыі грамадзян раённым Саветам дэпутаў зацверджана Дзяржаўная праграма “Сацыяльная абарона” на 2021-2025 гады. У рамках праграмы на бягучы год дзейнічае план райвыканкама, што прадугледжвае паэтапнае вырашэнне многіх пытанняў, у тым ліку і па ўдасканаленні безбар’ернага асяроддзя. За апошнія гады на абсталяванне безбар’ернага асяроддзя на Валожыншчыне зрасходавана 366 тысяч рублёў.

 Падводзячы вынік пасяджэння, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Ракавец абазначыла асноўныя моманты, што палепшаць жыццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў бліжэйшы час. У прыватнасці, у адноўленым будынку аўтавакзала, які запланавана ўвесці ў эксплуатацыю да канца года, будзе абсталявана 100-працэнтнае даступнае асяроддзе. Да 1 верасня завяршыцца ўдасканаленне безбар’ернага асяроддзя і ў СШ № 2, дзе зараз вядуцца работы па замене пандуса і пашырэнні магчымасцей пад’ёмніка (з другога на трэці паверх). Ігарам Уладзіміравічам дадзена даручэнне кіраўніцтву жылкамунгаса адносна сітуацыі з домам № 122 па вуліцы Савецкай.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара