ГАРАНТАВАНЫ ПРЫБЫТАК

Аграрный сектор и промышленность

Разумная ініцыятыва, дзелавая актыўнасць і надзейныя партнёры – гарант поспеху ў любой дзейнасці. У справядлівасці гэтага выказвання яшчэ раз пераканаліся работнікі ААТ “Завод Белпласт”, забяспечыўшы ў першым паўгоддзі 2011 года свайму прадпрыемству істотны прыбытак.

Дастаткова працяглы час філіял № 1 ААТ “Завод Белпласт” не мог пахваліцца моцнай эканамічнай базай. Яшчэ летась тут закрылі год з паказчыкам рэнтабельнасці мінус 10,3 працэнта. Вядома ж, такі стан спраў не задаволіў нікога. Таму адміністрацыя занялася пошукам альтэрнатыўных крыніц прыбытку. Поспех напаткаў напрыканцы 2010 года, калі завязалася цеснае супрацоўніцтва з НВТАА “Энергажылпрамбуд”, якое займаецца будаўніцтвам электрычных падстанцый, ліній электраперадач па ўсёй Беларусі. Гэта арганізацыя зрабіла салідны заказ на пастаўку неабходных металічных прыстасаванняў – траверсаў, люкаў, дзвярэй, драбін…

Каб пашырыць вытворчасць, пластмасаваму заводу давялося закупіць новае абсталяванне – гібачны і адразны станкі, стужачную пілу, «гільяціну», 2 зварачныя паўаўтаматы, апарат плазменнай рэзкі металу – і ўвесці 3 рабочыя месцы. Вымушаныя ж затраты акупіліся за кароткі час. Літаральна за 6 месяцаў 2011 года рост выпуску прадукцыі дасягнуў 123,9 працэнта, было выпушчана металавырабаў на 536 мільёнаў рублёў. Канчатковы спажывец застаўся задаволеным работай валожынскіх рабочых, дзелавыя адносіны працягваюцца.

Вынікам мэтанакіраванай работы адміністрацыі і рабочых ААТ “Завод Белпласт” стала рэнтабельная вытворчасць (за 1-е паўгоддзе бягучага года – плюс 11,9 працэнта), 126 мільёнаў чыстага прыбытку і, вядома ж, распрацаваная стратэгія далейшага эканамічнага росту. Падставы для перспектыўнага планавання пацверджаны матэматычна: калі за ўвесь 2010 год было выпушчана прадукцыі на 2 мільярды 300 мільёнаў рублёў, то сёлета гэта лічба ўжо пераваліла за 3 мільярды 808 мільёнаў і працягвае расці. Зрабіць больш і лепш зацікаўлены і самі работнікі: ад гэтага напрамую залежыць матэрыяльнае стымуляванне іх працы.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий