Падрыхтоўка да жніва

Аграрный сектор и промышленность Безопасность и здоровье

Выступае генеральны дырэктар УП “Мінскаблгаз” Юрый КУКЛІЦКІ.

На базе СГУ “Бабровічы” прайшоў раённы семінар “Гарачай уборачнай пары – арганізаваную і добрасумленную працу”.

Удзельнікам семінара было наглядна прадэманстравана, як вядзецца падрыхтоўка камбайнаў да ўборачнай кампаніі.

На мерапрыемства, якое ладзілі ўпраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама і райкам прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу, былі запрошаны кіраўнікі, галоўныя аграномы, інжынеры, эканамісты, спецыялісты па ахове працы сельскагаспадарчых арганізацый Валожыншчыны, старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый работнікаў АПК. Атрымалася так, што на момант яго правядзення сельгаспрадпрыемства наведала кіраўніцтва дзяржаўнага вытворчага аб’яднання “Белпалівагаз” і ўнітарнага прадпрыемства “Мінскаблгаз”.

Генеральны дырактар УП “Мінскаблгаз” Юрый Кукліцкі першым узяў слова. Ён адзначыў, што ў іх арганізацыі надаецца шмат увагі такому сур’ёзнаму і важнаму пытанню, як бяспека працы. На гэта ў вялікай ступені ўплываюць вытворчая дысцыпліна, стан тэхнікі, годныя ўмовы. Наогул, як гаворыць прымаўка: прыгожы самалёт добра лятае. Трэба старацца, каб і на вытворчасці ўсё было прыгожа, тады і людзі будуць старацца працаваць, падтрымліваць парадак, а калі іх яшчэ заахвоціць матэрыяльна, то вынікі не прымусяць сябе чакаць. На заканчэнне сваёй прамовы Юрый Віктаравіч пажадаў прысутным бяспечнай і спакойнай уборачнай кампаніі і добрых ураджаяў.

Дырэктар СГУ “Бабровічы” Юрый БЯЛЯЎСКІ расказвае пра сельгаспрадпрыемства.
На прапускным пункце праходзяць агляд алкатэстарам.

Дырэктар СГУ “Бабровічы” Юрый Бяляўскі коратка расказаў пра гаспадарку: наяўнасць тэхнікі і яе стан, рамонт, што ідзе ў майстэрні, адкрыцці сваіх шынамантажу і пункту тэхнічнага абслугоўвання, устаноўцы 18 відэакамер у майстэрні і па ўсім перыметры мехдвара. Юрый Генрыкавіч запрасіў гасцей на прапускны пункт, дзе расказаў пра новаўвядзенні і прадэманстраваў, як любы механізатар яго праходзіць. У пачатку і канцы працоўнага дня, калі работнік устаўляе картачку-пропуск, фіксуецца час, адбываецца фатаграфаванне і агляд алкатэстэрам. Усё гэта вельмі спрыяе захаванню працоўнай дысцыпліны.

Галоўны інжынер Аляксандар ПРАТАСЕВІЧ правёў удзельнікаў семінара па майстэрні.
Правільна адрэгуляваць камбайн вельмі важна.

Галоўны інжынер гаспадаркі Аляксандр Пратасевіч правёў удзельнікаў семінара па майстэрні. Таксама ён расказаў пра падрыхтоўку зернеўборачных камбайнаў, машын і абсталявання КЗС да ўборкі ўраджаю і прапанаваў на свае вочы ўбачыць, як яна вядзецца.

Далейшы працяг семінар меў у Бабровіцкім культурна-спартыўным цэнтры. Пра ход падрыхтоўчых работ да жніва ў раёне паведаміў начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Андрэй Загорскі. З дакладам “Бяспека працы і прадухіленне няшчасных выпадкаў у час правядзення ўборачнай кампаніі” выступіў начальнік Маладзечанскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Вадзім Вансовіч. На яркіх прыкладах ён паказаў, да якіх цяжкіх наступстваў можа прывесці невыкананне, здавалася б, зусім нязначных патрабаванняў тэхнікі бяспекі.

Старшы інжынер інспекцыі нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксей Сухадолец засяродзіў увагу прысутных на патрабаваннях пажарнай бяспекі да корма- і зернеўборачнай тэхнікі і пры правядзенні ўборачнай кампаніі.

Пра медыка-санітарнае забеспячэнне ў перыяд масавых палявых сельскагаспадарчых работ распавёў галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Павел Сарока. Пытанні вытворчай дысцыпліны і захаванасці матэрыяльных каштоўнасцей у час уборкі ўраджаю закрануў намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Аляксандр Акушка, транспартнай бяспекі – старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Валожынскага РАУС Вадзім Пасека. Намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Вольга Павіч падняла тэму аплаты працы.

Важнае пытанне работы сельскагаспадарчых машын у ахоўных зонах ЛЭП узняў інспектар Дзяржэнерганагляду Уладзімір Макей. Пра арганізацыю прафсаюзнай работы ў час уборачнай кампаніі расказаў  старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Вікенцій Адамовіч. Вынікам усім папярэднім выступленням прагучалі яго словы пра тое, што чалавечае жыццё неацэнна, і трэба прыкласці ўсеагульныя намаганні, каб жніво прайшло без здарэнняў.

Анжэла РАДЫНА,